БЕЛ Ł РУС

У цэнтры Вільні руская музыка гучала гучней за сірэны. Мясцовыя выклікалі паліцыю, справа выклікала вялікае абмеркаванне

24.08.2025 / 12:13

Nashaniva.com

У цэнтры Вільні з тэрасы аднаго з рэстаранаў на ўсю іванаўскую гучала рускамоўная музыка, у тым ліку песні гуртоў «Руки вверх» і «Виагра». Паводле сведак, гук быў надзвычай моцным — гучнейшым за сігналы трывогі. Абураныя жыхары звярнуліся ў паліцыю.

Паліцыя прыехала праз 15 хвілін. Аказалася, што заказчыкамі свята былі грамадзяне Латвіі і Літвы, якія зарэзервавалі тэрасу рэстарана на Лукішках для святкавання свайго партнёрства.

Паліцыя абмежавалася папярэджаннем, музыку выключылі.

Кіраўніца рэстарана Веста Жамайце адзначыла, што па заканадаўстве Літвы рускамоўная музыка не забароненая, аднак прызнала: «Для нас гэта добрая навука — пасля гэтага мерапрыемства мы змянілі правілы, руская музыка ў нас недапушчальная, і мы будзем загадзя інфармаваць заказчыкаў».

Прадстаўнік паліцыі запэўніў, што праблема заключалася не ў мове песень, бо кожны мае права слухаць песні на любой мове, а ў парушэнні нормаў шуму.

Справа шырока асвятлялася ў літоўскіх СМІ і выклікала вялікае абмеркаванне.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула