Нямецкі дэпутат, які мае пад Лідай фірму па перапрацоўцы цыбулі, выклікаў паліцыю на журналістаў і былога беларускага вязня
Усё гэта трапіла на відэа, заўважыў «Позірк».
Ёрг Дорнаў за некалькі секунд да атакі на тэлеаператара. Скрыншот з відэа: ARD
Журналісты тэлекампаніі ARD зрабілі рэпартаж пра нямецкую ўльтраправую партыю «Альтэрнатыва для Германіі», у якім завіталі таксама і да дэпутата федэральнай зямлі Саксонія Ёрга Дорнаў.
Ён трымае ў Лідскім раёне фірму «Цыбулька-Бел» па перапрацоўцы цыбулі. Ездзілі да нямецкага дэпутата рэпарцёры разам з былым беларускім вязнем Сяргеем Чарняком, які падчас адміністрацыйнага арышту ў лютым 2024 года працаваў на «Цыбульку-Бел».
«Мы хацелі запытацца ў Дорнаў, чаму ён у Беларусі прымушаў працаваць на сябе палітычных вязняў», — патлумачыў голас за кадрам.
На відэазапісе бачна, як журналістаў і Чарняка выганяе са двара рускамоўная жанчына, якая здымае тое, што адбываецца, на тэлефон, а потым плюе ў журналіста праз шчыліну ў браме і трохі пазней кажа на адрас Чарняка: «Вы там не працавалі».
Неўзабаве прыязджае сам Дорнаў, які раз’юшана патрабуе спыніць здымкі, пакінуць тэрыторыю перад домам, якую лічыць сваёй, і б’е рукой па камеры аператара.
Пасля прыехала паліцыя, якая запісала іх звесткі, а для афармлення давялося паехаць у Лейпцыг.
«Ведаю, што журналісты адмовіліся ад паказанняў, вырашылі без адваката не размаўляць. Трохі Дорнаў пашкодзіў камеру аператару. Калі ён падае ў суд на іх, то яны тады на яго», — пракаментаваў «Позірку» тую сустрэчу сам Чарняк.
«Яму прыехаць у Беларусь можна, а мне прыехаць з ім пагаварыць няможна. У яго асабістае жыццё, маё жыццё яго не цікавіць. У яго ёсць асабістае жыццё, падла, ты ж дэпутат. Выйдзі, скажы. Вось такі народны нямецкі дэпутат, які хоча лукашэнкаўскую альтэрнатыву для сваёй краіны.
Без гэтай паездкі адчуваеш, што мірнае жыццё ў Еўропе. А яно не так, бо вайна ідзе: адныя падтрымліваюць Украіну, другія — агрэсара і яго памочніка. Вайна ідзе, а ваеннапалонныя сядзяць у Беларусі, бо яны любяць сваю Радзіму, а не ўладу», — сказаў ён.
Чытайце таксама:
Партыю, якую актыўна падтрымліваюць лукашысты, прызналі экстрэмісцкай у Германіі
Дэпутату ад «Альтэрнатывы для Германіі» пагражае вялікі штраф. Ён утаіў свой бізнэс у Беларусі