БЕЛ Ł РУС

Спецыялістка расказала, чаму ў гэтым годзе даражэе мёд

23.08.2025 / 15:58

Nashaniva.com

У жніўні — пачатку верасня завяршаецца сезон у пчаляроў і попыт на мёд у гэты час звычайна высокі. Журналісты Onliner заўважылі, што гэты прадукт цяпер даражэе, і даведаліся, чаму.

Фота: Onliner

У гэтым годзе на працу пчаляроў негатыўна паўплывала надвор'е, тлумачыць старшыня грамадскага аб'яднання «Беларускія пчаляры» і галоўны рэдактар часопіса «Беларускі пчаляр» Анастасія Хаўрук.

Па яе словах, у нашай краіне самы актыўны перыяд для пчаляроў — май і чэрвень, калі квітнее рапс, але сёлета ў гэты час былі замаразкі і дажджы.

«У пчол было мала сонечных дзён, калі яны маглі працаваць у поўную сілу. Яны ж збіраюць нектар, толькі калі вылятаюць з вулля. Седзячы ў вуллі, яны яго спажываюць альбо, калі нектар ужо ёсць, ператвараюць яго ў мёд.

Але асноўная праца па зборы нектара ў іх — толькі ў цёплыя сонечныя дні. Адпаведна, надвор'е практычна не давала пчолам працаваць, з-за гэтага ношка была слабай. І першы збор вясновага мёду ў канцы траўня-пачатку чэрвеня ў пчаляроў быў таксама слабы», — расказала яна Onliner.

Фота: Onliner

Ёсць яшчэ адзін момант: больш кароткі сезон. Анастасія распавядае, што нярэдка ён доўжыцца да канца жніўня і пчаляры не спяшаюцца заканчваць сезон. Мёд пчолам патрэбны і самім, каб яны маглі пражыць. На продаж забіраюць лішкі.

«Цяпер сезон скончаны адназначна, прычым з вельмі дрэннымі вынікамі. Бывалі гады, калі мы на пчальніку адпампоўвалі мёд у сярэдзіне верасня. Але сёлета мёду ў пчол вельмі мала, некаторыя сем'і нават галадаюць.

Таму пчаляры ўжо імкнуцца скончыць сезон і пачаць рыхтавацца да зімоўкі. Валавы збор мёду ў разы ніжэйшы, чым у апошнія гады: у кагосьці ў два разы, у кагосьці ў тры-чатыры. Прычым такая сітуацыя не толькі ў Беларусі — наколькі я ведаю, у суседніх краінах гэтак жа».

Па гэтых прычынах цэны на мёд павялічваюцца. Ужо ў мінулыя гады яго пакупалі не так шмат. Па ацэнках Анастасіі, у гэтым годзе цэннік працягне расці і гэта ўжо абмяркоўваецца ў супольнасці пчаляроў.

«Справа ў тым, што за апошнія гады цана на мёд у прынцыпе была несувемерна маленькай — з улікам таго, якую працу даводзіцца праводзіць пчаляру, каб здабыць мёд. Некаторыя лічаць, што пчаляр працуе толькі летам, але падрыхтоўка ідзе ўвесь год, а гэтыя некалькі месяцаў займае ўжо збор. Гэта праца складаная — і фізічна, і маральна», — кажа спецыялістка.

Сёлета на кірмашы цана будзе каля 20 рублёў за кілаграм. Рапсавы мёд лічыцца больш танным, а вось ліпавы, верасовы, грэчкавы традыцыйна больш дарагія, на 20-30% даражэй.

Са слоў Анастасіі, мёд ад беларускіх пчаляроў можна знайсці і ў крамах: некалькі прадпрыемстваў закупляюць яго ў пчаляроў. Але ў краме ёсць рызыка купіць не натуральны мёд, а прадукт, які пад яго мімікрыруе.

Выглядаць гэта можа так: на ўпакоўцы надпіс у духу «тайговы», «горны», «лугавы», але без слова «мёд», а з дробнай прыпіскай «мядовы прадукт». Склад жа пачынаецца з пункта «цукровая патака», і толькі дзесьці ў канцы прысутнічае «мёд».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула