БЕЛ Ł РУС

На беларуска-польскай мяжы ўзяліся за льготнікаў, якія за грошы дапамагаюць хутчэй праехаць чаргу

23.08.2025 / 14:31

Nashaniva.com

Грамадзян, чые ранейшыя паездкі выглядалі сумнеўна, выклікаюць у кампетэнтныя органы.

Фота: nalog.gov.by

На беларуска-польскай мяжы апошнім часам назіраліся шалёныя чэргі — больш за 4000 аўто. Некаторыя падарожнікі лічылі, што гэта здарылася праз схему з ільготнікамі, якія маюць права праходзіць мяжу без чаргі. Такія льготнікі могуць за грошы падсаджвацца ў аўто, каб яно хутчэй праязджала.

Пасля скаргаў падарожнікаў, кантралюючыя органы ўзяліся разабрацца.

Інспекцыя Міністэрства падаткаў і збораў Брэсцкай вобласці паведаміла, што выяўлена практыка, калі льготнікі, якія маюць права праязджаць праз мяжу без чаргі, злоўжывалі сваім статусам.

«Замест выкарыстання льготы ў асабістых мэтах яны за грашовую ўзнагароду падсаджваліся ў аўтамабілі іншых людзей, каб забяспечыць ім магчымасць хуткага праходжання памежнага кантролю», — паведаміла інспекцыя.

Адзначаецца, што гэта парушэнне закона.

«Для процідзеяння гэтай схеме ў пункце пропуску «Брэст» узмоцнена міжведамаснае ўзаемадзеянне. Супрацоўнікамі падатковай, памежнай, мытнай службаў і міліцыі арганізаваны татальны кантроль за абгрунтаванасцю выкарыстання льготнага парадку перасячэння мяжы. Праводзіцца дбайная праверка мэтаў паездкі і адпаведнасці фактычных абставінаў заяўленым пры афармленні дакументаў».

Грамадзян, чые ранейшыя паездкі выглядалі сумнеўна, выклікаюць у кампетэнтныя органы.

Парушальнікам пагражае пакаранне па ч.2 арт.13.3 КаАП, якое прадугледжвае штраф да 4,2 тысячы рублёў з магчымасцю канфіскацыі даходу, прылад і сродкаў здзяйснення правапарушэння.

Інспекцыя адзначыла, што колькасць выпадкаў выезду грамадзян, якія скарысталіся льготным парадкам перасячэння мяжы, ужо скарацілася ў тры разы. 

Чытайце таксама:

«Па сутнасці, гэта гандаль людзьмі». Колькі каштуюць паслугі інвалідаў на беларуска-польскай мяжы

Чарга аўто на мяжы з Польшчай яшчэ вырасла

«Толікаў» можна было хоць неяк кантраляваць». Беларусы тлумачаць калапс на мяжы новым «бізнэсам»

Толькі што заехалі тыя, хто стаў у чаргу 8 жніўня. Колькі цяпер трэба чакаць на мяжы, каб трапіць у Польшчу на аўто?

Каментары да артыкула