Месенджар Max стаў самым папулярным у Беларусі? Лухта, і вось чаму
Месенджар Max, створаны па загадзе расійскіх улад кампаніяй VK Group, выйшаў у трэнды Google Play у Расіі, Беларусі і ў іншых краінах з вялікай доляй рускамоўнага насельніцтва. Але з водгукамі і адзнакамі не ўсё так проста.
Накрутка для Беларусі і іншых краін пачалася 12 жніўня, у топ праграма выйшла 14 жніўня і дагэтуль там застаецца. У Расіі яго накруцілі ў топ яшчэ раней, у ліпені.
Скрыншот сэрвісу SimilarWeb
Насамрэч, гэта кажа толькі пра тое, што Расія ўклала велізарныя грошы ў раскрутку месенджара і імітацыю яго папулярнасці. Вось як рос рэйтынг праграмы ў Беларусі — яна паднялася за суткі з канца рэйтынга на 3-е месца, а праз дзень выйшла на першае. За 3 дні Max падняўся на больш, чым 70 пазіцый.
Рэйтынг праграм у Google Play з 12 па 14 жніўня
Існуе іншы паказчык — Usage rank, рэйтынг выкарыстання. З дапамогай розных інструментаў сэрвіс SimilarWeb вымярае тое, колькі часу праводзіць чалавек у праграме. Тут у месенджара паказчыкі вельмі сціплыя — нават у Расіі ён на 34 месцы сярод усіх праграм.
Рэйтынг месенджараў па выкарыстанні. Скрыншот з сэрвісу SimilarWeb
Па звестках таго ж SimilarWeb, у Расіі безумоўным лідарам дагэтуль застаецца Telegram. Статыстыка па Беларусі недаступная бясплатна, але паказчыкі будуць супастаўныя.
Статыстыка выкарыстання праграм у розных краінах. У Расіі Telegram — лідар па ўсіх паказчыках
Рэйтынг у краме Google Play — гэта не вельмі рэлевантны паказчык. Хаця б таму, што яго можна накруціць. Робіцца гэта праз некалькі шляхоў, але найперш — з дапамогай закупкі матываванага трафіку. Існуюць сэрвісы, дзе ў штаце працуюць сотні людзей, якія займаюцца тым, што імітуюць карыстанне праграмай, пакідаюць на яе водгукі і падымаюць ёй рэйтынг і папулярнасць.
Таксама выкарыстаны велізарны адміністратыўны рэсурс. Дзяржслужачых змушаюць пераходзіць у Max. Ён будзе прымусова ўбудаваны ва ўсе смартфоны, якія прадаюцца ў Расіі, з 1 верасня. Змушаюць яго спампоўваць і студэнтаў і школьнікаў, вучэбную камунікацыю якіх прымусова перавялі ў гэты месенджар.
Рэкламуюць Max і расійскія зоркі — блогеры і спевакі, а Ягор Крыд нават інтэграваў рэкламу ў свой новы кліп. Абсурднасць фармулёвак ужо стала мемам — зоркі сцвярджаюць, што ён ловіць «на паркоўцы», «у ліфце» і нават «у моры».
Адзін з мемаў пра месенджар Max
Тое, што рэйтынг накручаны, даказаць няцяжка. Паглядзіце, напрыклад, на дынаміку водгукаў на Google Play. Спачатку іх было зусім няшмат, але з 20-х чыслаў жніўня іхняя колькасць проста неймаверная, больш, чым у Telegram, у якім зарэгістраваныя ў дзясяткі разоў больш людзей з усяго свету.
Дынаміка водгукаў на Max і Telegram у жніўні 2025
Можна звярнуць увагу і на адзнакі. З 26 па 31 жніўня пакінулі больш за 90 тысяч водгукаў на месенджар Max і толькі 19 тысяч на нашмат папулярнейшы Telegram.
Параўнанне водгукаў на абодва месенджары з 26 па 31 жніўня
Значная частка пазітыўных водгукаў відавочна накручаная. У іх людзі хваляць праграму аднатыпнымі фразамі.
Прыклад водгуку, на які адказалі распрацоўшчыкі
Але значная частка водгукаў вельмі негатыўная. Людзі скардзяцца на дрэнную сувязь, нязручнасць, немагчымасць рэгістрацыі, праблемы з функцыяналам. Большасць такіх водгукаў выглядаюць як сапраўдныя.
Негатыўныя водгукі на месенджар Max
Значная частка карыстальнікаў таксама перажывае за тое, што праграма можа збіраць іхнія звесткі. Часта выкарыстоўваецца словазлучэнне «шпіёнская праграма».
Прыклад водгуку
Падобна, што жыхароў Расіі ў выніку змусяць карыстацца месенджарам для нейкіх патрэбаў, але ён не здолее перабіць канкурэнтаў. Спроба замяніць YouTube на RuTube ці VK Відэа скончылася правалам, нягледзячы на велізарныя грошы, якія былі ўкладзеныя ў праекты. Выглядае так, што месенджар Max чакае той жа лёс.
Чытайце таксама:
Месенджары: якія з іх сапраўды бяспечныя і чым Viber лепшы за Telegram
Element: што за месенджар, якім карыстаюцца Бундэсвер, фіны і беларуская апазіцыя