БЕЛ Ł РУС

Маладой дзяўчыне з Баранавіч прысудзілі калонію за ўдзел у раённым чаце. Яе тэлеграм быў неабароненым

23.08.2025 / 15:52

Nashaniva.com

Малалікі і неактыўны чат, у якім пісала Вольга Нікалаева, абвясцілі «экстрэмісцкім фарміраваннем».

Вольга Нікалаева. Фота з яе старонкі Укантакце

Вользе Нікалаевай 32 гады. Яна з Баранавічаў. Пасля вучобы ва ўніверсітэце ў Мінску вярнулася ў родны горад. У дзяўчыны ёсць муж і дружная сям'я.

Дзяўчына займалася музыкай і раней была бубначкай у аматарскіх музычных гуртах. Сям'ёй яны падарожнічаюць па Беларусі і іншых краінах.

Вольга Нікалаева падчас сплаву на байдарках улетку 2024 года. Фота з яе інстаграма

Вольгу Нікалаеву затрымалі ў лістападзе 2024 года, а асудзілі ў сярэдзіне 2025-га. Мяркуючы па спісе «экстрэмістаў» МУС, яе асудзілі па двух артыкулах — «стварэнне экстрэмісцкага фарміравання» (ч. 1 арт. 361-1 КК) і «ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак» (ч. 1 арт. 342 КК).

Вядома, што Вользе прысудзілі тэрмін у калоніі. Ёй пагражала да сямі гадоў, але дакладны прысуд невядомы.

КДБ абвесціў чат «Белыя крылы Баранавічы» — зусім малы і даўно неактыўны раённы чат — экстрэмісцкім фарміраваннем увосень 2024 года. Вольга, падобна, была сярод мадэратараў у чаце. Праўда, адміністратар можа зрабіць мадэратарам любога ўдзельніка нават без ягонай просьбы.

Выйшлі на Вольгу праз неабаронены акаўнт. Ён быў прывязаны да ўласнага нумара дзяўчыны і прабіваецца праз боты, якімі карыстаюцца губазікаўцы.

Чытайце таксама:

Я выдаліў Telegram-акаўнт. Я ў бяспецы?

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Як працуюць боты, якімі карыстаюцца губазікаўцы, і чаму не варта ў іх пісаць «дзеля жарту»

Каментары да артыкула