Алімпійскі літрбол. Віктар Лукашэнка і Аляксандр Зайцаў запусцілі ўласную сетку крам алкагольнай прадукцыі
У Беларусі з'явіліся новыя алкакрамы «Дуб зялёны». Іх запусціў бізнесмен Аляксандр Зайцаў, блізкі да сям'і Лукашэнкі чалавек. А яго партнёр па гэтым бізнэсе — Віктар, сын Аляксандра Лукашэнкі і кіраўнік Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
У ліпені 2025 года ў Пружанах, на малой радзіме «кашалька» Лукашэнкі Аляксандра Зайцава, адкрылася першая крама алкагольнай прадукцыі пад брэндам «Дуб зялёны». Мясцовая раённая газета анансуе запуск цэлай сеткі алкамаркетаў ва ўсёй Беларусі. «Бюро» даведалася, што гэты таварны знак Зайцаў у ліпені 2023 года зарэгістраваў на сябе асабіста.
Сама крама ў Пружанах належыць фірме «Глаугандальпрэд» (зарэгістраваная ў такім напісанні).
На яе ж у сакавіку 2025 года быў зарэгістраваны яшчэ адзін алкапункт «Дуб зялёны» ў Пінску.
51% «Глаугандальпрэда» знаходзіцца ва ўласнасці ў Аляксандра Зайцава. Аднак спойваць беларусаў бізнэсовец плануе не адзін, а ў кампаніі Віктара Лукашэнкі — 49% фірмы запісаныя на Нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК), які з 2021 года і ўзначальвае старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі.
Праўда, колькі партнёры заробяць на новай алкагольнай сетцы, невядома — уся бухгалтарская справаздачнасць кампаніі засакрэчаная як падатковая таямніца згодна з пастановай Савета міністраў.
Акрамя «Дуба зялёнага», з 2021 года «Глаугандальпрэд» таксама валодае супермаркетам бяспошліннага гандлю на аўтамабільным памежным пераходзе Бераставіца/Баброўнікі на мяжы з Польшчай.