«Робім проста нерэальныя рэчы». Амерыканскі бізнэсмен беларускага паходжання дапамагае вайскоўцам УСУ з ампутацыямі пачаць новае жыццё
Нядаўна амерыканскі бізнэсмен з беларускімі каранямі Юрый Арашыдзэ піў гарбату з былым галоўнакамандуючым Украіны Валерыем Залужным. Ва Украіне ўсе ведаюць, што ў Арашыдзэ — беларускія карані. А таксама — што дзякуючы яму сотні ўкраінскіх вайскоўцаў сталі на ногі пасля ампутацый. Юрый і яго калега, доктар-пратэзіст Якаў Градзінар стварылі дабрачынны фонд Protez Foundation. Ужо некалькі гадоў дзякуючы фонду вайскоўцы атрымліваюць бясплатныя пратэзы рук і ног — могуць зноў хадзіць (нават у горы) і абдымаць блізкіх, піша «Еўрарадыё».
Юрый Арашыдзэ, заснавальнік Protez Foundation / @u.aroshidze
— Я ўвесь час кажу, што ў мяне кроў — грузінская, душа — украінская, што нарадзіўся я ў Беларусі, але з амерыканскім менталітэтам, — расказвае Юрый карэспандэнтцы «Еўрарадыё» на добрай украінскай мове.
«Нам бы нічога не ўдалося, калі б мы не былі такія … крэйзі?»
— Вы займаліся траковым бізнэсам, жылі ў ЗША, пры гэтым у вас яшчэ і беларускія карані. Здаецца, што да чаявання з Залужным з гэтай стартавай пазіцыі нічога не вядзе…
— А потым пачалася вайна. Для мяне гэта быў асабісты шок. Незадоўга да гэтага я шмат часу праводзіў у Кіеве, мае бабуля і мама родам з Украіны. І таму навіну пра вайну было эмацыйна складана прыняць.
У першыя дні ад шоку я проста не разумеў, што адбываецца. У мяне ў офісе вісяць два вялікія экраны, і на іх выведзеныя навінавыя парталы. І я проста без перапынку сачыў за навінамі на гэтых экранах. А потым стаў думаць, чым магу дапамагчы.
Яшчэ да вайны я быў знаёмы з доктарам Якавам Градзінарам [доктар-пратэзіст з Украіны, жыве ў ЗША. — «Еўрарадыё»]. У пачатку 2022 года мяне папрасілі дапамагчы Багдану Канавалаву — хлопцу з Дняпра са складанай ампутацыяй. Нас пазнаёмілі, мы дамовіліся, што Багдан будзе жыць у мяне, і я буду вазіць яго на пратэзаванне.
Тады я і пазнаёміўся з доктарам Якавам. Клініка, у якой ён працуе, знаходзіцца ў цэнтры Мінеапаліса. Якаў — унікальны чалавек. Ён пастар царквы, у яго сямёра дзяцей — і ў яго вельмі добрае сэрца.
У выніку Багдан атрымаў біянічны пратэз, вярнуўся ва Украіну. І пачалася вайна.
А мы з Якавам падумалі: а чаму мы не можам дапамагаць украінцам гэтак жа сама, як дапамаглі Багдану? Пры гэтым мы разумелі, што пратэзаванне — гэта самы дарагі від медыцынскіх паслуг, адзін пратэз каштуе ад 15 да 100 тысяч даляраў.
І мы думалі: акей, прывязем 5 вайскоўцаў, дапаможам ім, і ўжо нешта зробім. І калі прывезлі 5 вайскоўцаў, убачылі, наколькі гэта цяпер трэба Украіне. І мы атрымалі вялікую падтрымку людзей. За першы год вайны і працы цэнтра мы ні ў каго не прасілі грошай: людзі проста давалі. І мы зразумелі, што можам дапамагчы большай колькасці людзей.
Пратэзаванне ў Protez Foundation / Euroradio
Калі ў нас было шмат людзей, мы ўбачылі, што ім трэба абслугоўванне пратэзаў. І мы адкрылі першы пратэзны цэнтр ва Украіне. Наша галоўная місія — змяніць пратэзаванне ва Украіне. Мы разумелі, што не зможам дапамагчы ўсім у ЗША, але можам зрабіць так, каб пратэзаванне ва Украіне было лепшым.
Зразумеўшы, што не хапае кадраў, якія могуць пратэзаваць, мы адкрылі Protez Academy, дзе з нуля навучаем нашых пратэзістаў і фізіятэрапеўтаў.
Калі б мы з доктарам Якавам абодва не былі такія — не ведаю, як сказаць па-ўкраінску … крэйзі? — нам бы нічога не ўдалося. Але мы сышліся ў нашым жаданні дапамагаць, і часам робім проста нерэальныя рэчы.
— Якія?
— Мы наладзілі ўвесь працэс — ад пачатку, калі вайсковец запоўніў анкету, да таго, як ён скончыў рэабілітацыю. І ўжо запратэзавалі больш за 500 вайскоўцаў і дзяцей.
Мы таксама аб'ядналі больш за 4 тысячы донараў у 40 краінах свету, якія дапамагаюць нам рабіць пратэзы для ўкраінцаў, і гэта сапраўды крута. Калі мы кажам, што адзін пратэз каштуе мінімум 10 тысяч даляраў, можа здацца, што гэта непад'ёмная сума. Але нашы ахвярадаўцы данацяць па 10, 20, 50 даляраў — і вось ужо мы закрываем чарговы збор.
Protez Foundation дапамагае стаць на ногі не толькі вайскоўцам, але і дзецям.
За тры гады мы пабудавалі тры цэнтры Protez Foundation: адзін у ЗША і два ва Украіне. І сабралі каманду з матываваных людзей. А проста цяпер працуем з Міністэрствам унутраных спраў Украіны, каб адкрыць яшчэ адзін цэнтр.
«Навошта вам памяшканне на Майдане, у вас што, шмат грошай?»
— Адзін з вашых пратэзных цэнтраў працуе ў Закарпацці, самым бяспечным рэгіёне Украіны. А другі адкрыўся ў самым цэнтры Кіева, на Майдане. Чаму там?
— Так, у нас часам пытаюцца — навошта вам пратэзны цэнтр на Майдане, у вас што — шмат грошай? Не, у нас ёсць дамоўленасць з арэндадаўцам.
Але галоўнае — размяшчаючы Protez Foundation у цэнтры Кіева, мы паказваем стаўленне да вайскоўцаў. Калі яны прыходзяць у цэнтр, дзе ім прапануюць каву, калі яны атрымліваюць якасны сэрвіс, яны адчуваюць гэта стаўленне. Мы хочам, каб яны бачылі, што для іх зрабілі найлепшае.
У савецкай улады была традыцыя высылаць інвалідаў далей ад цэнтра горада. А Людовік XIV пабудаваў Дом ветэранаў у цэнтры Парыжа, каб вывесці вайскоўца на новы ўзровень. Мяне самога вельмі натхняюць украінскія вайскоўцы — яны ўсе вельмі зараджаныя на рэабілітацыю і вынік.
Цяпер у пратэзны цэнтр у Штатах мы бяром толькі вайскоўцаў са складанымі тыпамі ампутацый. Больш простыя выпадкі пратэзуем ва ўкраінскіх цэнтрах. А наша доўгатэрміновая задача — зрабіць пратэзаванне ва Украіне лепшым, вывесці яго на амерыканскі ўзровень.
Мы пратэзуем не толькі вайскоўцаў. Жанчынам, якія пацярпелі ў выніку вайны, дапамагаем без чаргі. А яшчэ мы разумеем, што часам траўма можа быць не звязаная з вайной.
І калі да нас звяртаюцца дзеці, якія перажылі ампутацыю з-за ДТЗ або любога іншага няшчаснага выпадку, мы дапамагаем ім без чаргі. Спачатку пратэзуем, а потым ужо шукаем грошы. Ужо 15 дзяцей атрымалі ў нас пратэзы.
— Вы даўно былі ў Кіеве?
— Я ўвесь час у Кіеве. Кожную ноч ты прачынаешся ад таго, што над горадам збіваюць дроны.
Летась я ва Украіне правёў больш часу, чым у Штатах. Але ў мяне ёсць магчымасць прыехаць дадому, у ЗША, і там перадыхнуць, таму што пасля некалькіх тыдняў знаходжання ва Украіне едзе дах. А ў маіх украінскіх калегаў гэтай магчымасці няма, і ўсё адно яны ўвесь час паказваюць крутыя вынікі.
Юрый Арашыдзэ і Якаў Градзінар / u.aroshidze
Калі шчыра, я думаю, што кожны, хто разумее, што адбываецца ва Украіне, павінен дапамагаць. Мы самі робім, што можам — і даем магчымасць дапамагаць іншым. Праз нас вы можаце дапамагаць аднаўляць жыцці людзей.
— Калі вы вывучылі ўкраінскую мову?
— Да вайны я не гаварыў па-ўкраінску і па-беларуску. Але з пачаткам вайны пачаў чытаць шмат украінскіх кніг, глядзець фільмы, ролікі на ютубе… Я ўбіраў мову, як дзіця, якое спачатку ўсё разумела, але не магло пачаць гаварыць.
А потым пачаліся сустрэчы з украінскімі міністрамі, сустрэчы ў Офісе прэзідэнта, запрашэнні ў эфіры ўкраінскіх тэлеканалаў… Я разумеў, што калі не змагу весці размову на ўкраінскай, гэта будзе выглядаць не вельмі добра. Так што цяпер я ўжо маю зносіны па-ўкраінску. Яшчэ цяжкавата, але паступова атрымліваецца.
Калі вы хочаце, каб больш украінскіх вайскоўцаў зноў сталі на ногі, заданаціць можна тут.
Чытайце таксама:
Адзін з самых уплывовых мастакоў свету Ай Вэйвэй наведаў Украіну і пабываў на фронце
Полк Каліноўскага больш не бярэ ўдзелу ў штурмах. Чаму так?
«Маму трымалі проста ў яме, марылі голадам». Гісторыі ўкраінак, выкрадзеных расейцамі са сваіх дамоў
Украінскі вайсковец, якому на жываце выразалі словы «Слава Расіі», расказаў пра перажытыя пакуты