БЕЛ Ł РУС

Цэхам зборкі стаў звычайны гараж. Мінскі архітэктар з нуля збірае свае ўнікальныя машыны

21.08.2025 / 11:4

Nashaniva.com

Архітэктар з Мінска Уладзімір Мацельскі стварыў першы ў Беларусі хот-род — унікальны аўтамабіль уласнай распрацоўкі, які выклікае захапленне на вуліцах горада і прызнаны дарожна бяспечным, піша «7 дзён». 

Першы — айчынны

— Марка аўтамабіля MATV («матвэ») не выпадковая, гэта абрэвіятура з пачатковых літар маіх прозвішча і імя, — расказаў аўтар распрацоўкі. — Сёння яна афіцыйна зарэгістравана. Першаму беларускаму хот-роду нават паспелі прыдумаць ласкавае імя «матвэшка».

Незвычайнае для нашага вуха слова «хот-род» з'явілася ў ЗША амаль стагоддзе таму. Так называюць аўто, мадыфікаваныя для гонак. У 30-я гады энтузіясты выкарыстоўвалі для іх зборкі машыны і дэталі з першых аўтазвалак.

Сёння хот-род-рух ахоплівае многія краіны. Яго ўдзельнікі праводзяць выставы, спаборніцтвы на скорасць, маюць групы ў сацсетках з сотнямі тысяч падпісчыкаў.

— Ці многа хот-родаў у Беларусі? 

— Я ведаю толькі пра свае і яшчэ адну «машыну», сабраную ў Гомельскай вобласці, — задуменна ўсміхаецца стваральнік MATV.

Па спецыяльнасці Уладзімір Мацельскі — архітэктар, але заўсёды цікавіўся тэхнікай. Так больш за 40 гадоў таму ў яго ўзнікла ідэя зрабіць веламабіль, або трохколавы веласіпед, педалі якога чалавек круціць у становішчы напаўлежачы.

Уладзімір Мацельскі ўзяўся за справу. У 80-я ён сабраў два веламабілі: адзін з пярэднім прывадам, другі — з заднім. Працаваў у пярэднім пакоі аднапакаёвай кватэры, дзе жыў у тыя гады з жонкай і дзецьмі.

— Пярэдні пакой паўтара на паўтара метра, — успамінае вынаходнік. — Тады ў мяне не было ні гаража, ні станкоў, ні спецыяльных інструментаў. Як адносілася да гэтага жонка? Яна таксама творчы чалавек, архітэктар, таму ўсё цудоўна разумела. Часам нават дапамагала парадамі. Адна галава — добра, а дзве — калектыў распрацоўшчыкаў.

На веламабілях уласнай зборкі Уладзімір Вацлававіч ездзіў па горадзе, ужо тады выклікаючы вялікую цікавасць у мінчан. Скорасць удавалася развіваць дастатковую, каб не адставаць ад грамадскага транспарту. Акрамя таго, складныя веламабілі лёгка змяшчаліся ў багажнік «Жыгулёў».

Затым субяседнік загарэўся ідэяй сабраць квадрацыкл. Набыў матацыкл «Усход-3М», вывучыў яго і пачаў праектванне свайго чарговага сродку перамяшчэння. У выніку за некалькі гадоў сабраў квадрацыкл, які і сёння ў цудоўным стане. Праўда, з-за недахопу квадратных метраў у мінскіх гаражах ён стаіць на дачы.

А вось далей пачалося самае цікавае.

Дачка Мацельскага выйшла замуж за новазеландца, і ў 2006 годзе Уладзімір Вацлававіч паляцеў пагасціць у Паўднёвае паўшар'е. Там маладыя, ведаючы пра захапленне бацькі незвычайнымі машынамі, павезлі яго на фестываль хот-родаў.

— Ніколі ў жыцці такога не бачыў, — прызнаецца Уладзімір Мацельскі. — Мерапрыемства праходзіла на тэрыторыі былога аэрапорта. Уся ўзлётна-пасадачная паласа, ідучая за гарызонт, была застаўлена хот-родамі розных мадыфікацый. Іх стваральнікі праводзілі прэзентацыі і шоу. Я хадзіў ад машыны да машыны, вывучаў іх, рабіў фатаграфіі, здымаў відэа. Менавіта там у мяне з'явілася ідэя зрабіць уласны хот-род.

Адразу пасля вяртання Уладзімір Вацлававіч сеў за чарцёжны станок (кульман). Працэс стварэння новага аўто расцягнуўся на 2,5 года. Паралельна распрацоўцы чарцяжоў ішоў выраб дэталей і вузлоў.

— Гэта карпатлівая і працаёмкая справа, — падкрэслівае субяседнік. — Кожны дзень я затрымліваўся ў гаражы за поўнач, не заўважаючы ні часу, ні стомленасці, а раніцай трэба было ісці на работу. Але задавальненне, якое я атрымліваў, нельга параўнаць ні з чым.

У 2009 годзе Навукова-тэхнічная і выпрабавальная лабараторыя транспартных сродкаў БНТУ па патрабаваннях бяспекі дарожнага руху выдала заключэнне, што MATV прыдатны для руху па дарогах агульнага карыстання. З гэтымі паперамі стваральнік першага беларускага хот-рода адправіўся ў ДАІ і зарэгістраваў яго.

— 16 гадоў таму я выехаў з гаража, дзе мы цяпер размаўляем, на гэтым чырвоным аўтамабілі, — Уладзімір Мацельскі кладзе руку на дзверы машыны. — Не верыцца, як быццам гэта было ўчора. Тыя адчуванні я помню выразна — небывалае шчасце і вялікі гонар за праведзеную работу. У той дзень вакол сабраліся хлопцы, якія дапамагалі з асобнымі вузламі, кансультавалі, проста сачылі за работамі. Пасля першых паездак з'явіліся чуткі, што ў сталіцы з'явіўся прыгожы аўтамабіль ручной зборкі. Многія сталі прыязджаць спецыяльна паглядзець на яго.

Уладзімір Вацлававіч яшчэ раз адзначае падтрымку і цярпенне жонкі, якая з разуменнем адносілася да незвычайнага захаплення мужа.

— Праўда, ездзіць са мной на MATV яна не вельмі любіць, — усміхаецца субяседнік. — Усё ж такі гэтыя паездкі прыцягваюць залішнюю ўвагу навакольных.

Корпус са шклапластыку

— На MATV я ўдзельнічаў у некалькіх мотар-шоў і аўтавыстаўках, не раз праязджаў на чале калоны з беларускім сцягам, — расказвае Уладзімір Мацельскі. — Машына заўсёды выклікае вельмі вялікую цікавасць. Заўважаючы мяне, падбягаюць з пытаннем: «Уладзімір, што ты яшчэ стварыў?» Прыемна, што абыякавых людзей няма. Калі пытаюцца, расказваю, што за аўтамабіль, як ён збіраўся, якія ў яго тэхнічныя характарыстыкі. На вуліцах хот-род таксама выклікае захапленне. Калі еду па горадзе — вітаюць, сігналяць, мігаюць фарамі. Стараюся ўсім адказваць, але, вядома, не на шкоду бяспецы руху. Заўсёды прыемна, што даставіў людзям радасць. Адразу прыбаўляецца сіл і энергіі, хочацца працаваць далей.

Уладзімір Вацлававіч прызнаецца, што любіць паразмаўляць з уражанымі гледачамі. Узгадвае выпадак, калі ехаў на MATV на дачу, а за ім фактычна ўсю дарогу гналіся на сваім аўто дзяўчаты, каб сфатаграфавацца з хот-родам.

Аўтарскіх машын Уладзімір Мацельскі сабраў тры — менш як за 15 гадоў. Першынец — чырвоны MATV. Яго корпус складаецца з васьмі дэталей, усе са шклапластыку.

— Па ўласных чарцяжах рабіў формы-балванкі, з іх вырабляў матрыцы, з дапамогай якіх і атрымаў гатовыя дэталі. Паглядзіце на якасць — недахопаў няма, колер перацякае плаўна, — звяртае ўвагу субяседнік.

У машыне ўстаноўлены 4-цыліндравы рухавік ЗМЗ-402 ад ГАЗ-24 з паверхневым цюнінгам. Ад «Волгі» «матвэшка» атрымала і радыятар. А вось падвеска — асабістая распрацоўка Уладзіміра Вацлававіча.

— Спачатку я зрабіў яе макет у маштабе 1:2 з падручных матэрыялаў — кардону і фанеры. Вывучаў, як у час руху будуць паводзіць сябе элементы. Сёння гэта можна зрабіць з дапамогай праграм 3D-мадэлявання. Але ў момант стварэння хот-рода я яшчэ не валодаў гэтай тэхналогіяй, — прызнаецца Уладзімір Мацельскі.

У машыне выкарыстаны амартызатары двайнога дзеяння ад УАЗа, кубкі і спружыны вырабляліся па індывідуальным заказе. Рэйка ад Ford Sierra, фары ад ААТ «Мотавела», а вось глушыцель — самаробны.

— Каркас, паваротнікі, знадворныя люстэркі — усё эксклюзіў, — удакладняе субяседнік. — Паваротнае шкло трыплекс, як і салон са штучнай скуры, зроблены пад заказ, і на яго ёсць сертыфікат. Руль мне спецыяльна прыслаў з ЗША зяць. Гукавы сігнал пераняты ў «Дайхацу», мост узяты ў «Волгі». Шчоткі механічныя, але ў дождж на хот-родзе асабліва і не наездзішся. Ёсць рамяні бяспекі. Ззаду — бак з нержавейкі на 46 літраў і сабвуфер. Я без музыкі не магу. Люблю слухаць рок і савецкія песні.

Паводле слоў стваральніка MATV, максімальная скорасць, якую можа развіць хот-род, — да 140 км/г. Але так разганяцца не варта — паездка будзе некамфортнай з-за равучага шуму ў вушах. Аптымальная скорасць на трасе — 90-100 км/г. Цэнтр цяжару ў беларускага хот-рода паніжаны, шырыня аўтамабіля павялічана на 50 мм у параўнанні з ГАЗ-24 — дарогу MATV трымае ўпэўнена. Аднойчы Уладзімір Мацельскі ўбачыў сваё аўто з даху гаража, і яно было падобна жывой істоце:

— Ёсць галава — рухавік, ножкі-колы, абсечаны хвост-багажнік ззаду. Усё гэта навеяла мне вобраз яшчаркі, якую я і выбраў у якасці эмблемы. Намаляваў, і метадам электраэразійнай рэзкі металу мне яе зрабілі.

Уладзімір Мацельскі прызнае, што сабраў усе тры машыны ў гаражы, як кажуць, на каленцы. Пры гэтым імкнуўся да максімальнай надзейнасці, якасці і прыгажосці.

— У MATV вы нідзе не знойдзеце слядоў зваркі. Усё старанна зашліфавана і адпаліравана, — падкрэслівае субяседнік. — Калі рабіць, то якасна, прыгожа, канструктыўна. Не атрымліваецца — лепш не пачынаць. Таму і падпусціць кагосьці да працэсаў зборкі я не мог. Хоць, вядома, даводзілася звяртацца да прафесіяналаў, заказваць у іх фрэзеровачныя і такарныя работы.

Калі быў сабраны чырвоны MATV, Уладзімір Вацлававіч зразумеў, што яму не хапае моцы і скорасці, таму задумаў другі аўтамабіль, які выехаў на дарогі ў 2015 годзе.

— Ён выкананы ў той жа манеры. Аднак у белым хот-родзе 5-літровы рухавік ад Ford Mustang на 300 конскіх сіл і іншы радыятар, каробка — аўтамат. За кошт таго, што матор больш масіўны, сама канструкцыя атрымалася даўжэйшая на 230 мм. Адметны і колер салона, у другой мадэлі ён чорны. У астатнім машына ідэнтычная першай, — тлумачыць майстар.

Пытанне, ці можна лічыць хот-род гоначным аўтамабілем, вымушае яго задумацца.

— На першым стаіць рухавік ад «Волгі». Які гоначны аўтамабіль мы атрымаем, выкарыстоўваючы малаабароцісты матор? Але калі паставіць на яго рухавічок тыпу Honda, тады так — выйдзе машына для гонак. Тым больш што пасадка і цэнтр цяжару ў ім ніжэй, яго база на 50 мм шырэйшая, чым у ГАЗ-24. Усё гэта сур'ёзна ўзмацняе ўстойлівасць. З іншага боку, чым меншая вага машыны, тым вышэйшая скорасць. Абедзве ў запраўленым стане важаць прыкладна 920-930 кг.

За белым хот-родам быў трансформер на базе савецкага джыпа ГАЗ-69. На яго субяседнік паставіў новыя масты ад УАЗ 452, пяціцыліндравы рухавік і чатырохступенчатую каробку перадач ад «Мерседэса».

— Атрымалася машына «тры ў адным», — расказвае пра трэці аўтамабіль субяседнік. — Цяпер ён выглядае як васьмімесны джып. Калі зняць верхнія элементы, атрымаем пікап. Гэтак жа лёгка ён ператвараецца ў кабрыялет. На мадыфікацыю патрэбна ад 7 да 10 мінут, але часцей за ўсё я выкарыстоўваю яе ў якасці джыпа.

Праехаць хутка з ветрыкам

Кіношнікі і кліпмейкеры, паводле слоў Уладзіміра Вацлававіча, пакуль што не цікавіліся хот-родамі. Затое MATV удзельнічае ў розных аўтамабільных выстаўках, прэзентацыях, дзе выглядае вельмі эфектна. Акрамя таго, «матвэшкі» часам выкарыстоўваюцца ў час вяселляў. Але гэта не бізнес, запэўнівае Уладзімір Мацельскі. Часам катае знаёмых, якія хочуць зрабіць свята запамінальным. На чырвоным MATV звычайна вязуць нявесту, а на белым едзе жаніх. І паверце, перад такім картэжам нават спыняюцца тралейбусы і прапускаюць маладых.

У майстра і цяпер нямала ідэй па стварэнні новых рарытэтаў.

— Хачу сабраць трохколавы аўтамабіль на базе матацыклетнага рухавіка, але ўсё ўпіраецца ў грошы. Калі працаваў, былі сродкі, цяпер жа на пенсіі. Усе дэталі, нават не новыя, дарагія, — гаворыць ён і адзначае, што падумвае прадаць адно з аўто, але ў добрыя рукі. З іншага боку, як прадаць, калі абодва аўтамабілі, як родныя дзеці? У цане пакуль што ні з кім не сышліся.

У першым MATV ёсць падсветка дна, арак, рухавіка, салона.

— Ствараецца ўражанне, што машына не па асфальце едзе, а ляціць у паветры, як «лятучы галандзец». Адзін раз мяне з-за гэтага спыніў супрацоўнік ДАІ: «Ведаеце, што ў нас у краіне падсветка забаронена?» Адказваю: «Ведаю, але гэта прадугледжана заводам-вытворцам, а завод-вытворца — гэта я». Гаворыць: «Усё зразумела. Едзьце».

Паводле слоў субяседніка, супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі адносяцца да хот-родаў вельмі карэктна.

— Многія ўжо ведаюць, што ёсць MATV. Галоўнае, не парушаць правілы. Толькі адзін раз у Мінску мяне спынілі, каб пацікавіцца, што гэта за аўтамабіль. Але калі даведаліся, што на яго ёсць дакументы, адразу ж пытанні адпалі.

Сёння за руль хот-родаў Уладзімір Мацельскі садзіцца даволі часта, але на дачу за сабраным ураджаем адпраўляецца на трансформеры «ГАЗ-69» або на звычайнай «шасцёрцы».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула