БЕЛ Ł РУС

У Германіі асуджаны неанацыст змяніў пол. Цяпер яго павінны адправіць у жаночую турму — немцы ў шоку

21.08.2025 / 9:1

Nashaniva.com

У Нямеччыне правы экстрэміст, які быў асуджаны за распальванне нянавісці, змяніў імя, спрабуючы дамагчыся пераводу ў жаночую турму. Цяпер у Германіі разгарэліся спрэчкі, у якой турме павінна адбываць пакаранне трансгендарная ультраправая экстрэмістка: у жаночай ці ў мужчынскай. 

Правы экстрэміст Свен Лібіх на акцыі, 2018 год. Фота: Markus Heine / SOPA Images / LightRocket via Getty Images

У ліпені 2023 года Марла-Свенья Лібіх была асуджаная раённым судом у Гале (Саксонія-Ангальт) на год і шэсць месяцаў пазбаўлення волі без магчымасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення за распальванне варожасці, паклёп і абразы. Яна падала апеляцыю, але прайграла.

На той момант яе звалі Свен Лібіх. У нямецкай прэсе паведамлялася, што ён быў удзельнікам неанацысцкай групоўкі Blood and Honour («Кроў і гонар»).

У канцы 2024 года Лібіх змяніў гендарны маркер у афіцыйных дакументах з мужчынскага на жаночы, а таксама імя. Падставай стаў новы нямецкі закон аб самавызначэнні, што дазваляе мяняць гендар праз простае пісьмовае паведамленне ў ЗАГС, без судовага працэсу.

Нямецкая прэса ставіць пад сумнеў добрасумленнасць гендарнага пераходу Лібіх.

«Сумнеўна, што гэта сур’ёзна, — піша Spiegel. — На працягу многіх гадоў Лібіх была вядомая сваімі правымі экстрэмісцкімі поглядамі і раней выказвалася квірафобна».

Лібіх падала скаргі на СМІ, абвінавачваючы прэсу ў скажэнні яе гендарнай ідэнтычнасці.

Скарга на Spiegel у Нямецкую раду па прэсе была аднагалосна адхіленая як неабгрунтаваная. У рашэнні было сказана, што Лібіх «змяніла грамадзянскі статус з мэтай правакацыі і дыскрэдытацыі дзяржавы».

Галоўны пракурор Гале Дэніс Чарнота паведаміў грамадскаму вяшчальніку MDR, што Лібіх будзе змешчана ў жаночую турму ў Хемніцы.

Лібіх пацвердзіла гэта ў сацсетцы X: «Я пачну адбываць тэрмін паводле графіку. 29 жніўня 2025 года ў 22:00 я буду ў папраўчай установе Хемніца са сваімі чамаданамі».

Аднак рашэнне, дзе канкрэтна Лібіх будзе адбываць пакаранне, пакуль не прынятае. Паводле пракурора, адміністрацыя турмы вызначыць, ці ўяўляе яна пагрозу бяспецы і парадку. У залежнасці ад гэтага яе могуць перавесці ў іншую турму.

Тым часам СМІ паведамляюць, што нядаўна Лібіх прайграла яшчэ адну судовую справу — супраць журналіста Юліяна Райхэльта ў берлінскім судзе.

Райхэльт, галоўны рэдактар выдання Nius, у ліпені напісаў у сацсетцы X:

«Кожны, хто сочыць за справай неанацыста Свена Лібіха, можа зрабіць толькі адзін вывад: урад «святлафора» прымусіў усю нямецкую прэсу распаўсюджваць няпраўду і рабіць гратэскныя ілжывыя заявы. Свен Лібіх — не жанчына».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула