Літва перад вучэннямі «Захад-2025» на ўсялякі выпадак узмацняе мяжу
Кіраўнік Літоўскай службы аховы дзяржаўнай мяжы Рустам Любаеў расказаў LRT, што Літва ўзмацняе меры бяспекі з-за сумесных расійска-беларускіх вучэнняў «Захад-2025». Усе падрыхтоўчыя дзеянні носяць сакрэтны характар, але службы цалкам гатовыя да розных сцэнарыяў, уключаючы магчымыя правакацыі на мяжы.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Fabian Sommer/picture alliance via Getty Images
Асноўная мэта падрыхтоўчых дзеянняў — прадухіліць парушэнні мяжы і іншыя інцыдэнты. Памежнікі будуць выкарыстоўваць усе тэхнічныя сродкі аховы, а таксама супрацоўнічаць з арміяй і іншымі дзяржаўнымі структурамі.
Любаеў адзначыў, што падчас вучэнняў службы будуць дзейнічаць сумесна, каб не дапусціць супрацьпраўных дзеянняў на мяжы з Беларуссю і Расіяй. Ён таксама пракаментаваў ідэю стварэння «сцяны дронаў» для кантролю паветранай прасторы, падкрэсліўшы, што гэта задача Мінабароны, але тэхнічны прагрэс у гэтай сферы вельмі важны.
Што да правакацый, то яны могуць быць рознымі: парушэнне мяжы, выкарыстанне тэхнічных вайсковых сродкаў, нават дестабілізацыя сітуацыі групамі мігрантаў. Рустам Любаеў падкрэсліў, што ўсе магчымыя сцэнары прадугледжаныя ў плане дзеянняў ягонай службы.
Пры гэтым ён адзначыў, што паводле наяўнай інфармацыі вучэнні «Захад-2025» не выглядаюць нечым асабліва небяспечным і яны будуць менш маштабнымі, чым папярэднія, аднак падрыхтоўка вядзецца на выпадак любога развіцця падзей.
Чытайце таксама:
На вучэннях «Захад-2025» адпрацуюць планаванне прымянення ядзернай зброі і «Арэшніка»
Мінабароны назвала мэту беларуска-расійскіх вучэнняў «Захад-2025»
У Беларусь прыбылі першыя расійскія вайскоўцы для сумесных вучэнняў
Германія перад вучэннямі «Захад-2025» перакідае свае знішчальнікі ў Польшчу