БЕЛ Ł РУС

У Беларусі расце колькасць аленяў і гусей, затое меншае ласёў

19.08.2025 / 20:46

Nashaniva.com

У Беларусі павялічваюцца папуляцыі аленяў і гусей, а лось паступова перасяляецца ў паўночна-ўсходні рэгіён, паведаміў БелТА начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Аляксандр Казарэз.

Высакародныя алені. Фота: БелТА

На сённяшні дзень у Беларусі налічваецца больш за 50 тысяч высакародных аленяў і каля 47 тысяч ласёў. Алені дэманструюць хуткі рост папуляцыі і добра адаптуюцца да дзейнасці чалавека, утвараючы амаль сімбіёз з людзьмі.

Лось, у сваю чаргу з'яўляецца прадстаўніком паўночных, барыяльных лясоў, і праз пацяпленне клімату адчувае сябе ў нас менш камфортна, таму паступова перасяляецца на паўночны ўсход — там яго канцэнтрацыя цяпер вышэйшая, чым на паўднёвым захадзе.

У адрозненне ад аленя, якога ў апошнія гады ўтрымліваюць на фермах для атрымання мяса, лось не паддаецца прыручэнню і не прывыкае да чалавека.

Сярод птушак добрае павелічэнне папуляцыі адзначаецца ў гусей. Напрыклад, белашчокая казарка, якая ў 1980-х налічвала ўсяго 15—20 тысяч асобін, сёння падышла ўжо да 1,5 мільёна. Гусі добра прыстасаваліся да харчавання на сельскагаспадарчых палях.

Раней галоўнымі паляўнічымі птушкамі былі качкі, але іх папуляцыя цяпер амаль не расце з-за пацяплення, засух і зарастання пойменных лугоў. Праўда, дзякуючы актыўнаму размнажэнню ў гарадах колькасць качак пакуль застаецца стабільнай, хоць і назіраюцца гадавыя ваганні.

Чытайце таксама:

Ад сутыкненняў з ласямі ратуе ультрагукавы свісток на аўтамабіль

Шведскія ласі мігруюць. За гэтым у прамым эфіры сочаць мільёны жыхароў краіны

Апублікавалі карта-схему мінулагодніх месцаў ДТЗ з удзелам жывёл

З вальера заасаду на вачах у наведвальнікаў уцякла ваўчыца. Адміністрацыя: Нічога страшнага, яна сама баіцца людзей

Мільянер, які гадамі забіваў дзікіх жывёл, загінуў на паляванні: яго працяў рагамі буйвал

Каментары да артыкула