БЕЛ Ł РУС

У самым паўночным горадзе Швецыі перавозяць на іншае месца больш чым стогадовую царкву

19.08.2025 / 19:55

Nashaniva.com

У самым паўночным горадзе Швецыі — Кіруне — рэалізуюць незвычайны праект: царкву, збудаваную яшчэ ў 1912 годзе, перавозяць на новае месца, піша Бі-бі-сі.

Царква ў Кіруне. Фота: Mauro Ujetto/NurPhoto via Getty Images

Будынак вагой у 672 тоны і вышынёй 35 метраў змясцілі на велізарную платформу з сотнямі колаў. Яму трэба праехаць пяць кіламетраў, і гэтая дарога зойме каля двух дзён, бо канструкцыю рухаюць вельмі павольна — усяго па паўкіламетра за гадзіну.

Прычына пераезду — пагроза правалу зямлі. Грунт у горадзе пачаў апускацца з-за больш чым стогадовай распрацоўкі жалезнай руды. Раней на новыя месцы ўжо пераносілі іншыя будынкі Кіруны, але з чырвонай царквой цягнулі да апошняга, бо яе можна транспартаваць толькі цалкам.

Царква, якая калісьці лічылася найпрыгажэйшым будынкам краіны, з’яўляецца сімвалам Кіруны і галоўнай славутасцю ўсяго рэгіёну. Унутры яе захоўваюцца каштоўныя творы мастацтва, у тым ліку алтарная карціна, напісаная шведскім прынцам Яўгенам (1865-1947), і вялікі арган на тысячу труб. Гэтыя рэліквіі нельга было вынесці, таму іх надзейна замацавалі і абаранілі проста ўнутры будынка.

Падрыхтоўка да пераезду заняла некалькі гадоў: дарогу пашырылі да 24 метраў, з яе прыбралі слупы, святлафоры і нават стары мост. У дзень пачатку шляху сотні людзей прыйшлі паглядзець, як царква пачынае сваё павольнае падарожжа. Для многіх гэта сапраўдны цуд інжынернай думкі і гістарычная падзея.

Хаця мясцовыя жыхары з сумам развітваюцца з традыцыйным месцам, яны разумеюць неабходнасць пераезду. Як сказала вікарый Лена Т’ярнберг, лепш перанесці святыню, чым дазволіць ёй разбурыцца.

Увесь праект па перасяленні са старога месца людзей і будынкаў ацэньваецца больш чым у 10 мільярдаў шведскіх крон (каля 896 мільёнаў еўра), і яго фінансуе кампанія LKAB — аператар рудніка. Калі ўсё пойдзе згодна з планам, то царква апынецца ў новым цэнтры Кіруны ўжо ўвечары ў сераду.

Чытайце таксама:

Скандынавія прыцягвае беларуса: дальнабойшчык расказаў аб працы ў краі вікінгаў

Прыгарад Стакгольма, дзе арудуюць бандыты-падлеткі з ліку мігрантаў, стаў адным з самых небяспечных месцаў Еўропы

Навукоўцы б'юць трывогу: скандынаўскія ледавікі імкліва растаюць

У Швецыі ўсе разлічваюцца безнаяўнымі, але ўрад заклікае запасціся папяровымі грашыма

Каментары да артыкула