БЕЛ Ł РУС

Швейцарыя гатовая даць Пуціну імунітэт для прыезду на перамовы

19.08.2025 / 18:10

Nashaniva.com

У Швейцарыі заявілі, што гатовыя выдаць прэзідэнту Расіі Уладзіміру Пуціну імунітэт ад ордэра на арышт, выдадзенага Міжнародным крымінальным судом, калі ён прыедзе ў Жэневу на перамовы па Украіне. Пра гэта паведаміў кіраўнік МЗС гэтай краіны Іньяцыа Касіс.

Уладзімір Пуцін. Фота: Contributor / Getty Image

Швейцарскі міністр растлумачыў, што такая магчымасць існуе дзякуючы спецыяльнай працэдуры, уведзенай у 2024 годзе: урад Швейцарыі можа не выконваць міжнародны ордар, калі чалавек прыязджае ў яе не з прыватным візітам, а дзеля мірных перамоў.

Іньяцыа Касіс падкрэсліў, што ўжо неаднаразова прапаноўваў расійскаму МЗС прыняць у Швейцарыі мірны саміт па Украіне.

У сакавіку 2023 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордары на арышт Уладзіміра Пуціна і дзіцячай амбудсменкі Расіі Марыі Львовай-Бяловай.

Пры гэтым Швейцарыя з’яўляецца паўнапраўным членам МКС. У чэрвені 2024-га ўлады краіны заяўлялі, што выканаюць ордар на арышт прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нетаньяху, калі ён наведае краіну.

19 жніўня 2025 года прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон паведаміў, што сустрэча Пуціна і Уладзіміра Зяленскага можа адбыцца ў Швейцарыі, хоць паводле іншых крыніц яе плануюць у Венгрыі. Ёсць таксама меркаванне, што Дональд Трамп і Уладзімір Зяленскі аддаюць перавагу Рыму. 

З'явілася таксама версія, што Пуцін хоча, каб перамаўляцца прыехалі да яго ў Маскву. Пра гэта ён нібыта заявіў учора падчас тэлефоннай размовы з Трампам, паведамляе AFP са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй. Уладзімір Зяленскі, аднак, ад гэтага адмовіўся.

Афіцыйна ж Крэмль пакуль увогуле не пацвярджае гатоўнасць Пуціна сустрэцца з украінскім прэзідэнтам.

Чытайце таксама:

Перагаворшчык Пуціна запосціў карцінку ў стылі «Сімпсанаў»: на ёй Украіну падзялілі Расія і Венгрыя

Макрон назваў Пуціна драпежнікам і людаедам

Марка Рубіа паведаміў пра гатоўнасць Пуціна сустрэцца з Зяленскім

Стала вядома, у якіх краінах можа адбыцца сустрэча Пуціна і Зяленскага

Каментары да артыкула