БЕЛ Ł РУС

Перагаворшчык Пуціна запосціў карцінку ў стылі «Сімпсанаў»: на ёй Украіну падзялілі Расія і Венгрыя

19.08.2025 / 17:29

Nashaniva.com

Кірыл Дзмітрыеў, які нарадзіўся ў Кіеве, прапанаваў сваім падпісчыкам у забароненым у Расіі інстаграме параўнаць яго творчасць з арыгіналам.

Кірыл Дзмітрыеў. Фота: прэс-служба Крамля

Спецпрадстаўнік Уладзіміра Пуціна Кірыл Дзмітрыеў апублікаваў у інстаграме карыкатуру ў стылі «Сімпсанаў» на ўчарашняе фота з Белага дома. На тым фота Уладзімір Зяленскі і Дональд Трамп стаяць перад картай Украіны, на якой адзначаныя акупаваныя Расіяй тэрыторыі.

На малюнку Дзмітрыева карта іншая: на ёй Украіны ўжо няма. Краіна падзеленая паміж Расіяй і Венгрыяй, у якіх з'явілася агульная мяжа.

«Якое фота лепшае?» — такое пытанне задаў расійскі перамоўшчык сваім падпісчыкам. Каментатары кінуліся наперабой хваліць «асаблівае пачуццё гумару» прадстаўніка Пуціна.

Цікава, што расійскі чыноўнік карыстаецца інстаграмам, якія расійскія ж улады забаранілі. На сайце і ў твітары Дзмітрыева няма спасылкі на гэтую старонку, аднак расійскія дзяржСМІ адзначаюць, што профіль сапраўдны.

Кірыл Дзмітрыеў нарадзіўся ў Кіеве, ва ўсякім разе раней у яго было ўкраінскае грамадзянства. Ён скончыў прэстыжныя амерыканскія ўніверсітэты Стэнфард і Гарвард, жыў і працаваў у Еўропе, дзе пабудаваў паспяховую кар'еру ў інвестыцыйным бізнэсе. У 2011 годзе Дзмітрыеў узначаліў Расійскі фонд прамых інвестыцый, створаны ўрадам. 

Дзмітрыеў — адзін з ключавых расійскіх перамоўшчыкаў з ЗША. Яго называюць «чалавекам Пуціна». Дзмітрыеў быў членам расійскай дэлегацыі падчас перамоў Пуціна і Трампа на Алясцы.

Чытайце таксама:

Макрон назваў Пуціна драпежнікам і людаедам

Марка Рубіа паведаміў пра гатоўнасць Пуціна сустрэцца з Зяленскім

Стала вядома, у якіх краінах можа адбыцца сустрэча Пуціна і Зяленскага

«Дзякуй за карту. Як бы мне яе забраць?» Стэнаграма сустрэчы ў Белым доме лідараў Еўропы і ЗША

Каментары да артыкула