У Беларусі ўпершыню зафіксавалі, як адкладае яйкі чырванавухая чарапаха
У мінскім парку Перамогі адпачывальнікі заўважылі, як чырванавухая чарапаха адкладала яйкі. Гэта незвычайная падзея для Беларусі, бо гэты від з’яўляецца ў нас інвазійным і лічыцца небяспечным для мясцовай прыроды. Пра гэты выпадак расказала выданню «Смартпрэс» супрацоўніца Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па біярэсурсах Алена Кулікова.
Фота Анастасіі Дубко
Навукоўцы знайшлі гняздо з сямю яйкамі: два былі сапсаваныя, пяць адправілі на інкубацыю. Калі з іх вылупяцца чарапашаняты, іх перададуць у арганізацыі, якія маюць права ўтрымліваць гэты від.
Гэта першы вядомы выпадак гнездавання чырванавухай чарапахі ў нашай краіне.
Спецыялісты пакуль не ведаюць, ці былі яйкі аплодненымі, а таксама дзе самка сустрэла самца — у няволі ці ўжо ў прыродзе. Але паколькі адкладванне адбылася позна, у жніўні, то натуральнае вылупліванне было б малаверагодным: малым патрэбна каля паўтара месяца, каб развіцца, а ў кастрычніку ўжо холадна.
Фота Анастасіі Дубко
Чырванавухая чарапаха — цёплалюбівы амерыканскі від, і ў Беларусі ўмовы для яе размнажэння неспрыяльныя. Але яна ўсё адно ўяўляе небяспеку: канкуруе з нашай балотнай чарапахай, больш агрэсіўная і можа яе выцясняць. У Еўропе, дзе клімат цяплейшы (Францыя, Італія, Іспанія), яна паспяхова размнажаецца і наносіць шкоду мясцовым экасістэмам.
У Беларусі гэты від трапляе ў прыроду з рук людзей, якія выпускаюць хатніх чарапах у вадаёмы, хоць гэта забаронена законам. Колькі такіх чарапах жыве ў нашых азёрах і рэках — дакладна невядома. Таму навукоўцы просяць паведамляць пра ўсе выпадкі сустрэч з імі і фіксаваць на фота і з каардынатамі.
Чытайце таксама:
Кітаец спрабаваў пераслаць з ЗША ў шкарпэтках больш за 850 чарапах
Незвычайныя прыгоды. Праз паўгода блуканняў вілейская чарапаха вярнулася дадому
Маладыя бацькі ў 100 гадоў. У пары галапагоскіх чарапах упершыню нарадзіліся дзеці