БЕЛ Ł РУС

У Магілёўскай вобласці жанчыны трапілі ў бальніцу пасля падпольных уколаў прыгажосці

18.08.2025 / 15:43

Nashaniva.com

Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз расследуе выпадкі ўскладненняў пасля правядзення касметалагічных працэдур у хатніх умовах. За апошні час у ведамства паступіла некалькі матэрыялаў аб няўдалых касметычных умяшаннях.

Фота: vecteezy.com

Адна з пацярпелых зрабіла ін’екцыі ботаксу ў вобласць твару і шыі ў майстра на даму. Праз некалькі дзён у жанчыны з’явілася цяжкасць пры глытанні, слабасць цягліц, дрыжыкі і выяўленая стомленасць.

Першапачаткова яна спрабавала лячыцца самастойна, але стан пагоршыўся — узніклі праблемы з дыханнем.

Жанчыну шпіталізавалі з дыягназам «ацёк Квінке», яна правяла больш за два тыдні ў стацыянары. Нават праз два з паловай месяцы яна працягвала скардзіцца на болі ў цягліцах і моцную стомленасць.

З падобнымі сімптомамі да медыкаў звярнулася яшчэ адна жыхарка рэгіёна. Пасля ўколаў у яе развіўся моцны ацёк павекаў, парушыўся зрок, з’явіліся галавакружэнне, аняменне языка і цяжкасці з маўленнем.

Судовыя эксперты адзначылі, што ў абодвух выпадках назіралася міястэнічная рэакцыя — празмернае паслабленне цягліц. Аднак дакладную прычыну ўскладненняў вызначыць не ўдалося. Яна магла быць выклікана як медыцынскімі працэдурамі, так і спадчыннымі, інфекцыйна-таксічнымі або хранічнымі фактарамі.

Па фактах здарэнняў вядзецца праверка.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула