БЕЛ Ł РУС

«Дзе людзі?» Як улады пакінулі гамельчукоў без Цэнтральнага пляжа на цэлае лета

18.08.2025 / 13:49

Nashaniva.com

Гомельскія ўлады фактычна пазбавілі ў гэтым купальным сезоне гараджан Цэнтральнага пляжа — любімага месца адпачынку. Усё лета, паводле сведчанняў мясцовых, галоўны пляж пуставаў — нават у спякоту. Прычынай стаў закрыты пешаходны мост праз Сож — асноўны шлях на пляж з цэнтра Гомеля, піша «Флагшток».

Цэнтральны пляж у спякотны дзень у чэрвені. Скрыншот відэа 

Рамонт прыйшоўся акурат на пляжны сезон, хаця раней планавалася, што работы завершацца ў сярэдзіне лета — да піку адпачынкаў і таго часу, калі вада ў Сожы прагрэецца.

Як паведамляў «Флагшток», спачатку меркавалася выканаць работы ў першай палове года. У змяненні да задання на праектаванне (кастрычнік 2024 г.) тэрміны пачатку і заканчэння будаўніцтва былі пазначаны як студзень—чэрвень 2025 года. У праекце пачатак работ значыўся ў лютым, заканчэнне — у ліпені.

Але потым тэрміны зрушылі, рамонт пачалі толькі ў маі, а завяршэнне прызначылі на лістапад.

Улады запусцілі новы аўтобусны маршрут да пляжа ад плошчы Леніна, але жадаючых дабірацца ў аб’езд і за грошы аказалася мала. Арганізавалі і рэйсы катэра ад прычала «Кіеўскі спуск» да другога берага па 2 рублі ў адзін бок. Аднак і гэты варыянт не стаў папулярным.

Цэнтральны пляж у мінулыя гады. Фота: «Спутнік»

Самыя спякотныя дні лета ўжо прайшлі, але і ў тыя цёплыя дні, калі Цэнтральны пляж мог бы прыцягнуць сотні, ён заставаўся паўпустым.

Гэта пацвярджаюць многія відэа, якія паглядзеў «Флагшток» за чэрвень, ліпень і жнівень. Напрыклад, сонечным вечарам 11 ліпеня, калі тэмпература вады ў Сожы дасягала 24 градусы, пляж быў амаль пусты.

«Дзе людзі?» — спыталі ў каментарыях.

«Ідзе рамонт моста праз раку, і на пляж трэба з цэнтра пад’язджаць на машыне ці аўтобусе. Пляжаў у горадзе шмат. Відаць, людзі на іншых», — адказаў карыстальнік.

Цэнтральны пляж у спякотны дзень у жніўні. Скрыншот відэа 

Апошнюю спякотную суботу, 16 жніўня, Цэнтральны пляж таксама заставаўся паўпустым, што відаць на адным з ролікаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула