Функцыі рэгулятара ў турсферы прапануюць перадаць ад Мінспорту Нацыянальнаму агенцтву па турызме
Нацыянальнае агенцтва па турызме Савет Міністраў прапануе падпарадкаваць ураду. Пра гэта стала вядома на пасяджэнні ў Лукашэнкі, піша БелТА.
Ілюстрацыйнае фота
Указ, які змяняе некаторыя ролі ў кіраванні сферай турызму, яшчэ не падпісаны. Згодна прапановам, функцыі рэгулятара ў турыстычнай сферы перададуць ад Міністэрства спорту Нацыянальнаму агенцтву па турызме.
Агенцтва пры гэтым падпарадкуюць ураду. Іншыя падрабязнасці пакуль невядомы.
Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, ён паставіў пад сумнеў зробленую прапанову. Ён пацікавіўся, што перашкаджае Міністэрству спорту і турызму эфектыўна кіраваць галіной і што зменіцца з прыняццем праекта ўказа.
Зараз Нацыянальнае агенцтва па турызме падпарадкавана Міністэрству спорту і турызму. У структуры міністэрства ёсць Дэпартамент па турызме.