БЕЛ Ł РУС

«Дык цяпер у Крупкі ехаць, ці што?» У райцэнтры знайшлі такі атмасферны бар, якога няма і ў сталіцы

18.08.2025 / 9:26

Nashaniva.com

Відэа з незвычайным і вельмі самабытным барам у раённым цэнтры Крупкі ў Мінскай вобласці набрала за суткі 300 тысяч праглядаў, дзясяткі тысяч лайкаў і тысячы каментароў. У бара ёсць яшчэ адна асаблівасць — ён адкрываецца і закрываецца, калі захоча гаспадар, расказалі шчасліўцы, якім удалося туды трапіць, заўважыў «Тэлеграф». 

Карыстальнікаў уразіў як знешні выгляд будынка, у якім знаходзіцца бар, так і ўнутранае ўбранне.

«Відэа знята пару дзён таму. Адзінае, знаёмы потым сказаў, што дакладнага графіка працы бара няма: адкрываецца і закрываецца, калі хоча) Але паспрабаваць удачу можна!» — распавяла аўтарка роліка.

Мноства ліхтарыкаў, эклектычныя ўпрыгожанні, ад якіх мітусіцца ў вачах, не адпудзілі гледачоў. Дарэчы, крыху сумбурны дызайн насамрэч выклікае прыемныя ўражанні і, вядома ж, здзіўленне.

«Дык цяпер у Крупкі ехаць, ці што?» — спытала адна з глядачак і атрымала каля тысячы лайкаў.

@byba_sinona Эпатажненько! #беларусь #belarus #крупки #путешествияпобеларуси #необычныеместа ♬ original sound - -ˋˏ✦༺༻✦ˎˊ˗

Яшчэ адзін з каментатараў расказаў, што гэты бар упрыгожваў усяго адзін чалавек уручную. «Я быў тут) атмасфернае месца! Крупкі, прывітанне вам, класны гарадок з добрымі людзьмі», — напісаў яшчэ адзін.

Многім настолькі спадабаўся выгляд бара, што прапанавалі зняць там «Крымінальнае чытво» па-беларуску.

А нехта пажартаваў, што такі бар моцна здзівіў менавіта жыхароў сталіцы: «Ого. Мінчукі ў шоку. За МКАДам ёсць таксама жыццё».

Знайшліся і тыя, хто своеасабліва пахваліў увесь раённы цэнтр: «Крупкі — гэта наогул як асобная адзінка ў культуры. Лепшая школа, выдатная бальніца, дзе літаральна няма нічога, але медыкі робяць цуды, прырода, жыхары. Была там некалькі разоў і кожны раз здзіўлялася. Цяпер яшчэ ёсць нагода заехаць паспрабаваць удачу трапіць у бар».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула