БЕЛ Ł РУС

У Германіі масава закрываюцца піваварні, бо моладзь больш не цікавіць алкаголь

17.08.2025 / 19:38

Nashaniva.com

Апошняй ахвярай новага трэнду стала піваварня Lang-Bräu, якая працавала на працягу 172 гадоў, але праз зумераў вымушана закрыцца. Паводле слоў экспертаў, гэта зусім не часовы спад, а культурны пералом, які ставіць пад пагрозу існаванне ўсёй галіны.

Актобэрфэст. Фота: Johannes Simon/Getty Images

Lang-Bräu — невялікая баварская піваварня з горада Шэнбрун — працавала з 1853 года. Яе гісторыя ўключала сусветныя войны, падзенне Берлінскай сцяны і дзесяцігоддзі перамен. Але нават гэты ўстойлівы бізнес не здолеў справіцца з сучасным выклікам: для далейшай працы патрабавалася мадэрнізацыя на суму 12 мільёнаў еўра. Уладальнікі вырашылі закрыцца, піша выданне Smartpress.by

«Калі продажы падаюць, а выдаткі працягваюць расці, застаецца мала магчымасцяў для доўгатэрміновых планаў», — распавёў Рычард Хопф, былы кіраўнік і спадкаемца сямейнай справы, які цяпер завяршае працэс ліквідацыі бізнесу.

Непітушчыя зумеры 

Фінансавы ціск на піваварні расце: інфляцыя, высокія выдаткі на энергію, падзенне попыту. Але больш за ўсё вытворцаў непакоіць новы спажывец — зумеры, або пакаленне Z.

Зумеры — гэта людзі, народжаныя прыкладна з 1997 па 2012 год. Гэта першае пакаленне, якое вырасла ў цалкам лічбавым свеце — з доступам да інтэрнэту, смартфонаў, сацсетак і глабальнай інфармацыі з дзяцінства.

Як выявілася, для пакалення зумераў піва — не норма, а хутчэй рэдкае выключэнне. І нават у такіх выпадках моладзь усё часцей выбірае безалкагольныя варыянты. У выніку вытворчасць піва ў Германіі ўпала на 6,3% толькі за першую палову 2025 года — гэта новы мінімум.

Паводле інфармацыі агенцтва Bloomberg, у сярэднім адзін немец выпівае 88 літраў піва ў год. Для параўнання: у 2000 годзе гэты паказчык складаў 126 літраў. Рэгулярнае спажыванне алкаголю сярод моладзі ва ўзросце 18—25 гадоў падае з года ў год.

Чаму моладзь разлюбіла алкаголь 

Карла Шыслер, студэнтка з паўднёва-заходняй Германіі, кажа проста: «Я б ніколі яго не замовіла».

Яе пакаленне пераканана: алкаголь шкодны. Калорыі, уплыў на фізічную форму, парады фітнес-блогераў — усё гэта працуе супраць традыцыйнага піва.

«Цяжка паляпшаць форму, калі ты п’еш», — прызнаецца Люк Хайлер, 22-гадовы хімік, які актыўна займаецца спортам.

Безалкагольны бум

Тэндэнцыя вядзе да таго, што попыт змяшчаецца ў бок піва з утрыманнем алкаголю менш за 0,5%. Хаця вытворчасць безалкагольных напояў у Германіі амаль падвоілася за дзесяцігоддзе, асвоіць гэтую нішу могуць далёка не ўсе.

Працэс выдалення алкаголю пасля закісання патрабуе складанага абсталявання — каля 1 мільёна еўра інвестыцый.

«Невялікія піваварні не могуць сабе гэтага дазволіць», — патлумачыў Томас Бекер, прафесар з Мюнхена.

Замест гэтага яны выкарыстоўваюць спрошчаную тэхналогію: спыняюць закісанне датэрмінова. Вынік — саладкаваты смак, які лёгка адрозніць ад арыгінала. Канкурэнцыя з буйнымі брэндамі становіцца немагчымай.

Найбуйнейшае закрыццё піваварняў за 30 гадоў

З 2023 па 2024 год у Германіі закрыліся 52 піваварні — гэта максімум за тры дзесяцігоддзі. Не ўсе здольныя прыстасавацца: адны пашыраюць асартымент за кошт радлераў і піва з сокамі, іншыя запускаюць рэкламныя кампаніі пад слоганам «забавы без алкаголю».

Але нават у краіне, дзе дзейнічае 500-гадовы закон пра чысціню піва, новая рэальнасць ужо перастала здавацца часовай.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула