Міжзоркавая камета, якую параўноўвалі з кіраваным касмічным караблём, працягвае здзіўляць навукоўцаў
3I/ATLAS змяшчае занадта вялікую колькасць вады і паводзіць сябе дзіўна ў параўнанні з вядомымі каметамі.
Камета 3I/ATLAS. Фота: Еўрапейскае касмічнае агенцтва
Трэці міжзоркавы аб’ект у Сонечнай сістэме, камета 3I/ATLAS, які раней некаторыя навукоўцы праз незвычайную траекторыю руху параўноўвалі з кіраваным касмічным караблём, працягвае прыносіць новыя сюрпрызы.
Нядаўняя праца навукоўцаў з фізічнага факультэта Обернскага ўніверсітэта выявіла яшчэ адну незвычайную асаблівасць — высокае ўтрыманне вады, піша выданне iXBT.com.
Амаль усе каметы ўтрымліваюць ваду, хаця на многіх планетах нашай Сонечнай сістэмы яе няма. Звычайна, набліжаючыся да Сонца, каметы ўтвараюць кому — воблака з часцінак вады, якія, награваючыся, сублімуюцца ў вадзяную пару, утвараючы характэрны хвост. Аднак 3I/ATLAS паводзіць сябе інакш.
Выяўленая на адлегласці каля 6 астранамічных адзінак (гэта прыблізна 900 мільёнаў кіламетраў ад Сонца, прыкладна арбіта Юпітэра), камета дасягне максімальнага збліжэння з Сонцам у кастрычніку — каля 1,3 астранамічнай адзінкі (каля 195 мільёнаў кіламетраў, крыху далей за арбіту Зямлі).
Назіранні, якія правялі астраномы Обернскага ўніверсітэта ў канцы ліпеня, калі камета знаходзілася на адлегласці 3,5 астранамічнай адзінкі (прыкладна 520 мільёнаў кіламетраў), далі нечаканыя вынікі.
Фота: Z. Xing et al.
Выкарыстоўваючы ўльтрафіялетавы/аптычны тэлескоп (UVOT) на борце арбітальнай абсерваторыі «Свіфт», навукоўцы выявілі моцны сігнал гідраксілу (ОН), які з’яўляецца індыкатарам наяўнасці вады.
Гэта незвычайна, бо камета знаходзілася на вельмі вялікай адлегласці ад Сонца, дзе працэс сублімацыі вадзянога лёду малаэфектыўны — то-бок сонечнага цяпла недастаткова, каб лёд, абмінаючы вадкую фазу, актыўна ператвараўся ў пару. У такіх умовах вада павінна была заставацца ў замёрзлым стане, але ў 3I/ATLAS яе выпарылася нашмат больш, чым чакалася.
Больш за тое, даследчыкі не зафіксавалі сігналаў цыяну (CN), які звычайна з’яўляецца адной з першых прыкмет каметы з-за нізкай тэмпературы сублімацыі і дыяпазону выпраменьвання, якое лёгка праходзіць праз зямную атмасферу. Адсутнасць цыяну можа сведчыць пра істотнае адрозненне складу 3I/ATLAS ад іншых камет Сонечнай сістэмы.
Назіранні дазволілі ацаніць плошчу паверхні каметы, якая актыўна выдзяляе ваду. Разлікі паказалі, што яна складае прыблізна 19 км². Улічваючы, што максімальны дыяметр ядра каметы ацэньваецца ў 2,8 км, гэта азначае, што каля 20% яе паверхні актыўна выкідае вадзяную пару.
Гэта ў чатыры разы больш, чым у тыповых камет Сонечнай сістэмы (3—5%), што можа тлумачыцца тым, што 3I/ATLAS, верагодна, упершыню набліжаецца да зоркі і таму мае больш запасаў вады для выпарэння.
Атрыманыя даныя дазваляюць сфармуляваць дзве гіпотэзы, якія можна будзе праверыць падчас праходжання каметай перыгелія — пункта арбіты, у якім яна будзе знаходзіцца найбліжэй да Сонца.
Калі выкіды вады дасягнуць піку каля перыгелія, а колькасць лёгкіх рэчываў з высокай металічнасцю, такіх як аксід вугляроду і цыян, будзе нязначнай, то гэта будзе казаць пра паходжанне 3I/ATLAS з сістэмы з нізкай металічнасцю, гэта значыць багатай на вадарод і беднай на іншыя элементы.
Калі ж хуткасць выкіду вады рэзка зменшыцца пасля перыгелія, а выкід лёгкіх рэчываў з высокай металічнасцю ўзмацніцца, то гэта будзе сведчыць пра паходжанне з сістэмы з высокай металічнасцю, і камета будзе мець больш супольнага з папярэднім міжзоркавым госцем — 2I/Барысавым.