БЕЛ Ł РУС

Трамп параіў Украіне згаджацца на здзелку з Расіяй. На якую — не распавёў

16.08.2025 / 6:31

Nashaniva.com

Пасля сустрэчы з Пуціным прэзідэнт ЗША даў інтэрв’ю Fox News. У ім ён ацаніў перамовы «на дзясятку», бо «добра, калі буйныя ядзерныя дзяржавы размаўляюць».

Фота: Jae C. Hong / AP

Трамп абвясціў па выніках сустрэчы, што Пуцін хоча «вырашыць праблему», а Расія і Украіна блізкія да здзелкі. Якія параметры гэтай здзелкі, і на што згодны Пуцін, Трамп не сказаў, піша Бі-бі-сі.

Не сказаў ён нават, і па якіх пытаннях ён не згодны з расійскім прэзідэнтам. Трамп заявіў, што на гэтае пытанне «хацеў бы не адказваць».

Тым не менш ён заявіў, што «цяпер справа за прэзідэнтам Зяленскім». Сам жа амерыканскі прэзідэнт гатовы арганізаваць сустрэчу Пуціна і Зяленскага ўжо на наступным тыдні.

«Зараз яны збіраюцца арганізаваць сустрэчу прэзідэнта Зяленскага з прэзідэнтам Пуціным. А я, здаецца, нават не прасіў іх аб гэтым. Не тое каб я хацеў там быць, але я хачу ўпэўніцца, што гэта будзе зроблена», — сказаў Трамп.

З гэтых слоў не ясна, хто ўсё ж такі арганізуе сустрэчу — Масква ці Кіеў.

Трамп таксама заявіў, што ён і Пуцін у многім узгаднілі і пытанне аб гарантыях бяспекі Украіны.

Ён таксама сказаў, што раіць Зяленскаму згаджацца на здзелку з Пуціным: «Расія — вельмі магутная дзяржава, а яны — не».

Адказваючы на пытанне аб другасных санкцыях у дачыненні да Кітая за куплю расійскай нафты, Трамп сказаў: «З-за таго, што адбылося сёння, я думаю, пакуль нам не трэба пра гэта думаць». Але дапусціў, што праз два-тры тыдні пра гэта зноў можна будзе падумаць.

Пуцін, у сваю чаргу, распавёў Трампу пра недасканаласць выбарчай сістэмы ЗША

Трамп заявіў, што Уладзімір Пуцін растлумачыў яму, чаму ён прайграў папярэднія выбары Джо Байдэну. Па версіі Пуціна, уся справа ў існуючай у ЗША сістэме галасавання па пошце.

З яго словаў, прэзідэнт Расіі распавёў, што ні ў адной краіне больш няма такога галасавання, і гэта недэмакратычная працэдура, бо бюлетэнь, дасланы па пошце, праходзіць праз мноства рук.

Праўда, галасаванне па пошце існуе ў многіх краінах свету, напрыклад, у Брытаніі, Германіі, Аўстрыі, Канадзе, Швейцарыі і многіх іншых краінах.

Міжнародны інстытут дэмакратыі і электаральнай дапамогі (IDEA) і Камісія ЗША па дапамозе выбарам адзначаюць, што ўзровень пацверджаных выпадкаў махлярства пры галасаванні па пошце — вельмі нізкі. У ЗША, напрыклад, за перыяд 2000—2020 гг. выяўлена каля 0,00006% бюлетэняў з парушэннямі.

Чытайце таксама:

Пуцін і Трамп скончылі перамовы. Трамп заявіў, што здзелкі пакуль няма

Калі саміт з Пуціным праваліцца, Трамп можа ўвесці санкцыі супраць «Раснафты» і «Лукойла»

Трамп сустрэў Пуціна ў аэрапорце

Каментары да артыкула