Латушка: Званок Трампа Лукашэнку можа быць звязаны з магчымымі перамовамі на тэрыторыі Беларусі
Кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Беларусі Павел Латушка выказаў у сваім тэлеграм-канале ўласную версію, дзеля чаго магла адбыцца тэлефонная размова прэзідэнта ЗША Дональда Трампа з Аляксандрам Лукашэнкам.
Павел Латушка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«Важна выказаць падзяку Прэзідэнту Злучаных Штатаў Амерыкі за тое, што тэма вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі знаходзіцца ў прыярытэтным фокусе ўвагі прэзідэнта Дональда Трампа.
Неабходна падтрымліваць намаганні прэзідэнта ЗША і Дзярждэпартамента ЗША па вызваленні ўсіх палітвязняў у Беларусі.
Мяркую, што тэлефонная размова магла адбыцца ў сувязі з патэнцыйнымі зменамі геапалітычнага характару і магчымымі перамовамі на тэрыторыі Беларусі па пытанні перамір’я ў вайне Расіі супраць Украіны.
Аб’яднаны пераходны кабінет неаднаразова перадаваў свае прапановы амерыканскаму боку па пытанні выканання рэжымам умоваў для прыпынення санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.
Нам важна прытрымлівацца паслядоўнай пазіцыі: вызваленне ўсіх палітвязняў, спыненне рэпрэсій і дэкрыміналізацыя грамадска-палітычнага жыцця ў Беларусі могуць стаць перадумовамі для прыпынення санкцый і пачатку нацыянальнага дыялогу для вырашэння ўнутрапалітычнага крызісу.
Лічу, што вырашэнне пытанняў рэгіянальнай бяспекі без урэгулявання ўнутрыпалітычнай сітуацыі ў Беларусі немагчыма», — піша Павел Латушка.
Чытайце таксама:
Дарадца Ціханоўскай расказаў пра іх камунікацыю з уладамі ЗША
Ціханоўская пракаментавала размову Трампа з Лукашэнкам
Балкунец: Я звязаўся з памочнікамі Трампа і папрасіў вызваліць 1300 палітвязняў