БЕЛ Ł РУС

Лукашэнка разнёс падначаленых за правал у запуску фармацэўтычнага прадпрыемства

15.08.2025 / 16:0

Nashaniva.com

15 жніўня Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па развіцці біяфармацэўтыкі паведаміў, што на прадпрыемстве «БелВітуніфарм» у вёсцы Доўжа Віцебскага раёна дагэтуль не запусцілі вытворчы комплекс па выпуску вакцын для людзей, і дарагое абсталяванне стаіць без справы.

Фота ілюстрацыйнае

Лукашэнка нагадаў, што паводле ўказа № 430 ад 3 лістапада 2021 года на гэты праект з розных бюджэтаў было выдзелена 68,1 мільёна рублёў. Лукашэнка падкрэсліў, што ён падпісаў указ па просьбе адказных асоб, і цяпер хоча ведаць, хто адкажа за тое, што работа не завершаная.

Паводле яго слоў, галоўная перашкода — інвестыцыйныя праекты, якія знаходзяцца на рознай стадыі гатоўнасці. Лукашэнка паставіў задачу вызначыцца, ці прадпрыемства будзе самастойна дабудоўваць вытворчасць, ці прыцягне інвестара. Таксама ён прапанаваў разгледзець выкарыстанне ўжо наяўных, але недазагружаных медыцынскіх магутнасцяў у Віцебскай вобласці, напрыклад, на прадпрыемстве «Натывіта» ў Бешанковічах.

Прэс-служба паведаміла, што ўсе ўдзельнікі сустрэчы прыйшлі да адзінага бачання наступных крокаў па развіцці «БелВітуніфарма» і прапанавалі план дзеянняў, які прадставілі Лукашэнку.

Цяпер прадпрыемства выпускае каля 150 відаў ветэрынарных прэпаратаў, у тым ліку 26 — біялагічных.

Былы дырэктар «БелВітуніфарма» Сяргей Бальшакоў у лютым 2025 года быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі з трохгадовай адтэрміноўкай пакарання за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і крадзеж з выкарыстаннем службовага становішча. Таксама яму прызначылі штраф у памеры 3000 базавых велічынь (126000 рублёў).

Чытайце таксама:

Будаўніцтва завода па вырабе беларускай вакцыны ад кавіду спынілі

Шэлег: Беларускія лекі нічым не адрозніваюцца ад старых прэпаратаў буйных фармацэўтычных кампаній

У Польшчы затрымалі дзясяткі тысяч падробленых лекаў, у тым ліку і з Беларусі

У мінскіх аптэках размялі расійскі аналаг «Аземпіка». Людзей не палохала нават цана

Каментары да артыкула