БЕЛ Ł РУС

«Разламаўся пазванок». У Гродне падлетак пайшоў скакаць на батутах — і цяпер не адчувае ні рук, ні ног

14.08.2025 / 18:21

Nashaniva.com

16-гадовы хлопец няўдала прызямліўся і атрымаў удар спіннога мозгу. Ён ужо перажыў смяротна небяспечную аперацыю, паведамляе «Анлайнер».

Фота: «Анлайнер»

Усё адбылося 5 жніўня ў спартыўна-забаўляльным цэнтры Gagarin у Гродне. 16-гадовы хлопец прыйшоў туды паскакаць на батутах з сябрамі.

У які момант адбылася траўма, бацька падлетка Аляксандр дакладна не ведае. Як ён зразумеў, была серыя вельмі моцных скачкоў, у тым ліку са спробамі зрабіць сальта, адзін з якіх скончыўся моцным ударам.

«Сын сказаў, што ў іншых батутных цэнтрах, дзе ён быў, паралон унізе як бы «прытарможвае», а тут, наадварот, паскарае. Але я там [у батутных цэнтрах] ні разу не быў, таму нічога сказаць не магу», — расказаў мужчына.

Пасля прызямлення хлопец адразу ж страціў адчувальнасць ног і рук, але заставаўся ў прытомнасці. У дзіцячым цэнтры адразу ж выклікалі хуткую. Падлетка з траўмай спачатку даставілі ў дзіцячую бальніцу, а пасля перанакіравалі ў БХМД Гродна. Там экстранна правялі камп'ютарную тамаграфію і той жа ноччу зрабілі складаную аперацыю з удзелам аднаго з найлепшых нейрахірургаў Беларусі Андрэя Шведа.

«Перад аперацыяй спусціўся доктар, ён сказаў, верагоднасць таго, што не выжыве, вельмі вялікая <…> Пасля аперацыі нам казалі чакаць трое сутак — яны самыя небяспечныя. Цяпер ніхто нічога канкрэтнага не кажа, усе разводзяць рукамі, трэба час. Магчыма, будзе інвалідам, магчыма, не будзе. Але ўпэўненасці ў тым, што ўсё будзе добра, няма наогул ніякай», — падзяліўся бацька.

Хлопец усё яшчэ знаходзіцца ў рэанімацыі, але ў найбліжэйшыя дні яго павінны перавесці ў звычайную палату. Са станоўчых змен: ён стаў адчуваць руку і патрэбу хадзіць у туалет.

«У яго удар спіннога мозга. Пры падзенні зламаўся пазванок, які націснуў на спінны мозг. Гэты пазванок прыбралі, паставілі замест яго «памадку» і замацавалі пласцінай на двух балтах. Спінны мозг не разарваны, абалонка цэлая, але адбыўся крывацёк, удар», — тлумачаць здарэнне ў сям’і і просяць падкрэсліць, што вельмі ўдзячныя дактарам і ўсяму медперсаналу бальніцы.

Як расказаў Аляксандр, міліцыя цяпер праводзіць праверку па факце здарэння. У батутным цэнтры каментаваць здарэнне адмовіліся.

Гэта ўжо не першае здарэнне ў батутных цэнтрах Беларусі. Траўматолагі-артапеды перыядычна звяртаюць увагу бацькоў на тое, што скачкі нельга лічыць на 100% бяспечнай забаўкай. Асабліва небяспечныя батуты для маленькіх дзяцей і падлеткаў, якія часта спрабуюць зрабіць сальта ў скачку ці паўтарыць небяспечныя трукі.

Чытайце таксама:

Хлопчык зламаў пазваночнік у батутным цэнтры ў Мінску. Аднак дабіцца кампенсацыі ў судзе не ўдалося, вось чаму

Знялі забарону на камандныя выступленні беларускіх гімнастаў і акрабатаў

Што ёсць у новым гандлёвым цэнтры Prizma, які адкрыўся ў Мінску?

Каментары да артыкула