Амерыканскі авіяблогер: Літаральна кожны беларус, з кім я размаўляў пра палітыку, казаў, што Лукашэнка — абсалютны вар’ят
Блогер з мільёнамі праглядаў Джош Кэйхіл падзяліўся ўражаннямі ад палёту на самалёце Airbus A330-200, які ў абыход санкцый набыла «Белавія», і ад сустрэч з людзьмі ў Мінску.
Джош Кэйхіл. Скрын відэа: JoshCahill / YouTube
Аўтар папулярнага ютуб-канала пра авіяцыю (звыш 800 тысяч падпісчыкаў) Джош Кэйхіл (Josh Cahill) за апошнія восем гадоў скарыстаўся паслугамі больш як 220 розных авіякампаній і здзейсніў больш за 800 палётаў. Нядаўна ён вырашыў асабіста пратэсціраваць самалёт Airbus A330-200, які ў абыход санкцый набыла «Белавія».
Як адзначае Кэйхіл у сваім відэа, Беларусь, паводле міжнародных абмежаванняў, не можа афіцыйна набываць самалёты ці нават запчасткі і не мае доступу ў паветраную прастору Еўропы. Тым не менш праз шэрыя схемы і пасярэднікаў авіякампанія атрымала гэты лайнер.
Ключавым пасярэднікам быў іарданскі бізнесовец Тарэк Абдэль Хамід аль-Ажамі (Tarek Abdel Hamid Al Ajami), які кіруе фіктыўнай авіякампаніяй у Гамбіі — Magic Air, што ніколі не выконвала палётаў. Ён набыў тры A330 у турэцкай Onur Air і аформіў дакументы так, нібыта самалёты былі прададзеныя ў Дубай. У жніўні 2024 года ўсе тры паветраныя судны замест пералёту ў Афрыку з выключанымі транспондарамі пераляцелі праз Каспійскае мора і прызямліліся ў Мінску. На аднаўленне тэхнічнага стану пайшоў амаль год.
Сюрпрыз у салоне
На пералёт са Стамбула ў Мінск Кэйхіл набыў білет у бізнэс-клас і, як сам прызнаецца, быў вельмі здзіўлены, калі патрапіў на борт кантрабанднага Airbus A330-200 авіякампаніі «Белавія», які першапачаткова ў 2003 годзе быў пастаўлены авіякампаніі Emirates, а пазней некалькі гадоў абслугоўваў пералёты турэцкай Onur Air.
Замест чаканага старога салона Emirates ён убачыў элітны бізнэс-клас ад Qatar Airways. Блогер дэманструе спражку рамяня бяспекі з сімволікай катарскай авіякампаніі і звяртае ўвагу на фірмовыя колеры гэтай авіякампаніі ў аздабленні.
«Я не магу ўцяміць, як гэты салон бізнес-класа Qatar Airways апынуўся на падсанкцыйным былым самалёце Emirates авіякампаніі «Белавія». (…) Я не думаю, што вам калі-небудзь у жыцці давядзецца паляцець на падсанкцыйным былым самалёце Emirates з салонам Qatar Airways і брэндам «Белавія», — заўважае Кэйхіл.
Паводле слоў блогера, убудаваная забаўляльная сістэма на борце не працуе. Аднак замест гэтага выдаюць планшэты на Android, на якіх «усяго пяць фільмаў». Ён таксама дэманструе «мясцовы прапагандысцкі часопіс» — «Союзное государство», дарожны набор авіякампаніі і дзеліцца сваімі ўражаннямі ад абеду.
Кэйхіл дэманструе, як яго крэсла ў бізнэс-класе раскладаецца ў поўны «флэт-бэд» — гарызантальнае становішча.
«Наколькі гэта крута — ляцець «Белавія» і мець сапраўдны гарызантальны ложак. (…) Я ведаю некалькі авіякампаній, якія не пад санкцыямі, але не дацягваюць да якасці гэтага месца».
Джош Кэйхіл у салоне бізнэс-класа. Скрын відэа: JoshCahill / YouTube
Размова з начальнікам
Прыбыўшы ў Мінск, блогер спадзяваўся, што пашпартны кантроль будзе фармальнасцю. Але яго, разам з яшчэ 10-15 пасажырамі, адвялі ў асобную зону. Там яму давялося чакаць сваёй чаргі. Затым яго запрасілі ў асобны пакой, дзе быў нейкі начальнік:
«Як толькі я зайшоў, ён быў вельмі вясёлы: «О, Джош, я бачыў твой ютуб-канал». Потым спытаў: «Што ты тут робіш? Здымаеш відэа пра «Белавія»?».
Блогер прызнаецца, што быў падрыхтаваны да такіх пытанняў:
«Я адказаў: «Не, я проста турыст. Хачу паглядзець музей авіяцыі». Ён заўважыў: «Ты ж здымаў відэа?» — «Так, зрабіў відэа пра новы A330 «Белавія».
Ён быў вельмі прыязны, спытаў, колькі ў мяне наяўных, не стаў удавацца ў падрабязнасці і сказаў: «Усё ў парадку. Пачакайце 5-10 хвілін, і вы атрымаеце свой пашпарт і зможаце ісці»».
Па словах мужчыны, праз паўгадзіны яму вярнулі пашпарт, і ён без праблем трапіў у горад. Кэйхіл адзначыў, што ўсе прыязна аднесліся да яго, у адрозненне ад Масквы, дзе яго дапытвалі тры гадзіны.
Нечаканая адкрытасць людзей
Расказваючы пра Мінск, Кэйхіл адзначае наяўнасць усіх заходніх брэндаў і магчымасць аплаціць пакупкі міжнароднай картай (у адрозненне ад Расіі). Ён згадвае, што першы раз наведаў Мінск у 2020-м годзе, і заўважае:
«Маё ўражанне ад Беларусі і людзей тут: у іх спосаб мыслення і светапогляд насамрэч вельмі заходнія. Тут больш адчуваецца, што ты ў Будапешце ці Празе, чым дзесьці ў расійскім горадзе, асабліва калі размаўляеш з маладым пакаленнем».
І яшчэ адна рэч, якую адзначае Кэйхіл, — гэта стаўленне насельніцтва да Лукашэнкі:
«Кожны, літаральна кожны, з кім я размаўляў пра палітыку, казаў, што Лукашэнка — абсалютны вар’ят, што ім сорамна за яго, што ніхто за яго не галасаваў і ён не павінен быць пры ўладзе».
Для параўнання ён прывёў свой досвед у Расіі:
«Калі ў Расіі ты размаўляеш з моладдзю, адукаванымі людзьмі ці проста звычайнымі, заўсёды знойдзецца хоць адзін прыхільнік Пуціна, які скажа: «Так-так, ён ставіць Расію на першае месца, ён дзейнічае ў нашых інтарэсах, мы яго падтрымліваем».
А тут, у Беларусі, кожны раз, калі згадваеш Лукашэнку, усе кажуць: «Ён вар’ят». Ніхто за яго не галасуе. Нікому ён не патрэбны. Ён проста клоўн».
«Я люблю гэтую краіну. Выдатныя, прыгожыя людзі», — заўважае Кэйхіл перад адлётам.
Чытайце таксама:
«Белавія» паказала новы самалёт — падсанкцыйны Airbus
Папулярны брытанскі відэаблогер наведаў Беларусь і расказаў, што яго здзівіла
Літоўскі блогер наведаў Мінск — і вось які раён назваў найлепшым