«Лідбір» вяртаецца ў звыклым фармаце. Хэдлайнеркай будзе Юлія Савічава
Леташнюю назву «ХарчФэст» вырашылі ціхенька пахаваць. Здаецца, прычына простая: галоўны спонсар зноў знайшоў грошы на музычны фестываль.
Фота з інстаграма Юліі Савічавай
Апошнія гады лёс аднаго з буйнейшых музычных фестываляў Беларусі «Лідбір» складваўся даволі драматычна.
Нагадаем: першы фестываль «Лідбір» прайшоў у 2015 годзе. Ён стаў своеасаблівай візітоўкай Ліды. Хэдлайнерамі ў розныя гады станавіліся «Бі-2», «Чайф», «Акіян Эльзы» і іншыя папулярныя гурты. Арганізатары паведамлялі, што колькасць гасцей свята дасягала 130 тысяч чалавек.
Складаныя часы для мерапрыемства пачаліся разам з пандэміяй — былі тры гады адмен і пераносаў. У 2023 годзе «Лідбір» усё ж адбыўся. Але, як кажуць, гэта было ўжо зусім не тое: замест папулярных гуртоў арганізатары далі сцэну розным кавер-бэндам і праўладным артыстам кшталту Skynet. Не абышлося без затрыманняў.
Летась улады Ліды ўвогуле заявілі пра глабальны рэбрэндзінг мерапрыемства. Яго вырашылі зрабіць больш падобным да таго, як традыцыйна праходзіць дзень горада ў любым беларускім райцэнтры: тэматычныя стэнды розных прадпрыемстваў, не надта арыгінальныя фотазоны з бульбай ды морквай, а таксама дзеці з чырвона-зялёнымі сцягамі на шчочках.
Нават назву змянілі — з «Лідбір» на «ХарчФэст». А хэдлайнерам фестывалю стала Вольга Бузава, якая не толькі спявае прапагандысцкія песні, але яшчэ і набывае для расійскіх салдат рыштунак.
І новая назва, і галоўная гераіня свята выклікалі хвалю хэйта і абурэння ў сацыяльных сетках. Аднак усе квіткі на «ХарчФэст» прадалі, а сама Бузава потым заявіла, што на яе выступ сабралася 100 тысяч чалавек.
Імаверна, прычына была ў тым, што летась галоўны спонсар івэнта — кампанія «Лідскае піва» — значна зменшыў свой фінансавы ўдзел. Таму рабіць прыйшлося тое, на што ў мясцовых уладаў хапіла грошай.
Сёлета ж на сайце «Лідбіра» пазначана, што людзей з рознымі музычнымі густамі зноў збірае менавіта «Лідскае піва».
Адбудзецца фестываль 13 верасня. Першыя квіткі на гала-канцэрт прадаваліся па цане 60 рублёў, а VIP-квіткі — 195 рублёў. Цяпер жа цэны выраслі: за звычайны квіток прыйдзецца заплаціць амаль 80 рублёў і 215 рублёў за VIP. Аўтобусы з Мінска каштуюць 165 рублёў.
Фота з тг-канала «Лідбір»
Хэдлайнеркай «Лідбіра» стане расійская спявачка Юлія Савічава. Арганізатары пішуць, што гэта «поп-ікона, якая дасць рок на нашай сцэне».
Артыстка знаходзіцца ў базе ўкраінскага «Міратворца» за тое, што выступала ў акупаваным Расіяй Крыме ў 2015 годзе. Расійскія СМІ прыпісвалі Юліі фразу: «Крым наш!», якую яна быццам бы сказала падчас таго візіту. Але спявачка гэта абвяргала і казала, што сама яна — апалітычны чалавек.
Пазіцыя Савічавай наконт вайны ва Украіне выглядае як «па-за палітыкай»: 24 лютага 2022 года яна ў сваім тэлеграм-канале апублікавала сумны смайлік, а праз тыдзень напісала там: «Усім прывітанне. Бачыце, мне спатрэбіўся тыдзень, каб больш-менш адысці ад шоку. Я цалкам сышла ў студыйную працу над новым міні-альбомам і спадзяюся, усё атрымаецца. Давайце з вамі дамовімся — я не закрываю каментары, а вы абяцаеце мне быць такімі ж добрымі і адэкватнымі маімі слухачамі, такімі, якія вы ў мяне і ёсць. Вельмі вас пра гэта прашу».
Нейтралітэту імкнецца прытрымлівацца і Антон Токараў, які таксама выйдзе на сцэну «Лідбіра». А вось вядучы і спявак Аляксандр Пушны (яшчэ адзін удзельнік фестывалю) у свой час адкрыта называў анэксію Крыма «перамогай Пуціна» і «аднаўленнем гістарычнай справядлівасці». Пасля пачатку паўнамаштабнай вайны ён выклаў сторыс: «Не вайне!» — і на гэтым скончыў.
Расійскі гурт The Hatters, які таксама сярод хэдлайнераў, у 2022 годзе былі супраць вайны, але хутка пазіцыю змянілі. Цяпер яны актыўна гастралююць — у тым ліку, і ў акупаваным Крыме.
З беларусаў сярод зоркавых удзельнікаў пазначаны інды-рок гурт «Барысаўскі тракт».
Дарэчы, цэны на арэнду жылля ў Лідзе ўжо пайшлі ўгору: калі звычайна тут за трохпакаёўку просяць 60-70 рублёў, то ў ноч «Лідбіра» — 400.
Чытайце таксама:
Аб'явілі дату фестывалю Lidbeer, у продажы з'явіліся квіткі
«На жаль, месцаў няма». Нягледзячы на хэйт у інтэрнэце, на «ХарчФэст» з Бузавай у Лідзе — ажыятаж
Канчатковае пахаванне музычнага фэсту Lidbeer. Хэдлайнерам стане Вольга Бузава