«Мы планавалі да 9 мая гэта зрабіць, але кіроўцы пайшлі на Вялікдзень у запой». Кіраўнік СБУ расказаў падрабязнасці пра аперацыю «Павуцінне»
Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Васіль Малюк даў інтэрв'ю ўкраінскім СМІ, падчас якога расказаў некаторыя падрабязнасці пра падрыхтоўку і правядзенне 1 чэрвеня аперацыі «Павуцінне», якая нанесла вялікія страты расійскай вайсковай авіяцыі.
Васіль Малюк. Фота: lb.ua
Як расказаў Малюк, назву «Павуцінне» спецаперацыя атрымала яшчэ на этапе планавання, калі кіраўнік СБУ з калегам намалявалі на нататніку лагістычныя сувязі да варожых аэрадромаў.
Увогуле аперацыю «Павуцінне» планавалі правесці да 9 мая, але нібыта сталася так, што расійскія кіроўцы фур, з якіх выляталі дроны, на Вялікдзень пайшлі ў запой. Праз гэта спецаперацыю давялося перанесці на месяц.
Для яе правядзення СБУ стварыла ў Чалябінску фэйкавую лагістычную кампанію, арандаваўшы офіс і склады проста пад носам у мясцовага упраўлення ФСБ.
Тэхнічна былі выкарыстаныя ўнікальныя FPV-дроны ўласнай распрацоўкі, якія мелі спецыяльную сістэму сувязі і баявы зарад. Зарад складаўся з дзвюх частак па 800 грамаў (гэта значыць усяго 1600) спецыяльнай сумесі, якая мае кумулятыўна-фугасны эфект, каб прапаліць сам корпус самалёта і выклікаць выбух ўсярэдзіне.
Той чалавек, хто рабіў «домікі» для запуску дронаў з фур, для захавання сакрэтнасці аперацыі сам не ведаў, навошта ён іх робіць. Былі вырабленыя цалкам аўтаномныя паляўнічыя домікі з батарэямі, якія бесперапынна падсілкоўвалі дроны, бо спецаперацыя магла адбыцца і ў халодную пару года.
Агенты СБУ паспелі паспяхова пакінуць тэрыторыю Расіі яшчэ да таго, як грузавікі выехалі да аэрадромаў.
Чытайце таксама:
У Германіі ацанілі страты Расіі ў выніку спецаперацыі «Павуцінне»
З'явілася новае ВІДЭА спецаперацыі СБУ «Павуцінне»: з камеры, замацаванай на самім дроне
Зяленскі расказаў, чыя зброя выкарыстоўвалася ў аперацыі «Павуцінне»
Расія не зможа аднавіць страты дальняй авіяцыі пасля ўкраінскай аперацыі «Павуцінне»
Зяленскі: Падчас аперацыі «Павуцінне» пашкоджаны 41 расійскі самалёт. Палову ўжо не аднавіць.