Сярэдні кошт арэнды кватэры ў Мінску павялічыўся на 10-15%
Кіраўніца аддзела арэнды групы кампаній «Твая сталіца» Маргарыта Пачыцкая адзначыла, што з пачатку лета прапанова жылля на рынку крыху зменшылася, бо з’явіліся новыя арандатары з Расіі і іншых краін СНД, піша «СБ — Беларусь сегодня».
Фота ілюстрацыйнае. Скрыншот з ютуба
Гэтая тэндэнцыя пачалася яшчэ летась: частка людзей з Расіі і іншых краін СНД прыязджае ў Беларусь на цёплы сезон, каб адпачыць, палепшыць здароўе або проста змяніць абстаноўку.
У выніку цэны на арэнду выраслі. Калі ў 2024 годзе яны павялічыліся на 10—15%, то ў 2025-м дадалі яшчэ столькі ж.
На сітуацыю паўплывалі ўмацаванне беларускага рубля адносна даляра, рост даходаў насельніцтва і тое, што з рынку паступова знікаюць «бабуліны кватэры» — самыя танныя варыянты.
Некаторыя ўладальнікі такога жылля здаюць яго надоўга, іншыя робяць рамонт, каб павысіць даход. На рынак усё часцей выходзяць новабудоўлі з добрым рамонтам і зручным размяшчэннем, таму ўласнікі старых кватэр таксама стараюцца палепшыць жыллё і падняць цану. Пры гэтым арэндадаўцы разумеюць, што з арандатарамі сучасных кватэр звычайна менш праблем.
Акрамя таго, сярэдні арандатар цяпер маладзейшы і аддае перавагу акуратным, сучасным і цалкам абсталяваным кватэрам.
Чытайце таксама:
Новыя жылыя кварталы пабудуюць паблізу Мінска. Якімі яны будуць