БЕЛ Ł РУС

Ціханоўскі адказаў на прэтэнзіі пра наведвання Крыма і працу з Ксеніяй Сабчак

11.08.2025 / 18:47

Nashaniva.com

«Я ніколі не праслаўляў вяртання Крыма Расіі. Ніколі. І вы нідзе гэтага не знойдзеце», — сказаў блогер у інтэрв'ю «Еўрарадыё».

Сяргей Ціханоўскі. Скрын відэа: EuroradioLive / YouTube

Падчас інтэрв'ю «Еўрарадыё» ў Ціханоўскага спыталі пра ўнясенне яго ў базу «Міратворац», стаўленне да Крыма і супрацу з Ксеніяй Сабчак.

Блогер адразу заўважыў, што ніколі не праслаўляў вяртання Крыма Расіі. 

«Я ва ўсіх сваіх інтэрв'ю казаў, што Крым — гэта Украіна, гэтак жа як і Вільня — гэта Літва», — адказаў Ціханоўскі.

У сацсетках ёсць фота блогера ў Крыме за 2017 год. Але Ціханоўскі звяртае ўвагу, што тое супольнае фота і надпіс «Крым наш» апублікаваў не ён, а яго знаёмы — сам блогер такога не пісаў і не казаў.

«Я жартаваў на гэтую тэму, але ніколі я не ўхваляў расійскую агрэсію. Ніколі. І не буду ніколі ўхваляць. І мая пазіцыя па Украіне ніколі не памяняецца, як і ў дачыненні да прэзідэнта Зяленскага.

Я яго лічу героем. Яму выпала цяжкая доля. І тое, што я перажыў у турме, гэта лухта ў параўнанні з тымі пакутамі, якія ён зведвае кожны дзень за ўкраінцаў».

Ціханоўскі кажа, што спецслужбы прыдумваюць «рускі след», каб пасварыць беларусаў. Ён згадвае, як у 2020-м Лукашэнка выстаўляў яго як прарасійскага агента.

«Нас жа ў адзін момант, калі вось гэтых вагнерцаў затрымалі, выклікае следчы і паказвае пастанову аб завядзенні крымінальнай справы ў дачыненні да Ціханоўскага і Статкевіча за тое, што мы выклікалі сюды, нанялі за грошы 33 вагнераўцаў і сабраліся тут зрабіць дзяржпераварот. І што ў следства ёсць бясспрэчныя доказы, што мы іх сюды прывезлі, і таму мы павінны ўтрымлівацца (я і Статкевіч) пад вартай».

Ціханоўскі называе Лукашэнку хлусам.

«Калі вы ведаеце Лукашэнку, сябры, толькі гэта павінна вам сказаць, што Ціханоўскі — гэта беларус, які дзейнічае ў інтарэсах беларускага народа, не расійскага. Я паўсюль кажу, што Пуцін, ягоны рэжым — гэта наш агульны вораг з украінцамі. І не трэба вось гэта мне прыплятаць», — даводзіць Ціханоўскі.

Пра выпадковую сустрэчу з Навальным

Блогер нагадвае, што сам расказаў пра сваю даўнюю выпадковую сустрэчу з Навальным:

«Я сутыкнуўся з ім літаральна на 15 секунд. Вось як з вамі на вуліцы, на пешаходным пераходзе. У яго офіс быў недалёка ад таго месца, дзе я рамантаваў машыну ў той момант. Я ішоў па машыну, ён стаяў на бардзюры. Я з ім сутыкнуўся, я кажу: «О, Лёха». [Ён] незнаёмы чалавек мне. Я яшчэ тады не быў блогерам нават».

Ціханоўскі расказвае, што папрасіў у Навальнага нумар тэлефона, але той яго не даў, прапанаваўшы пісаць на адрас электроннай пошты свайго Фонду барацьбы з карупцыяй і ніколі не меў з ім асабістага кантакту пасля.

«На пошту, я, па-мойму, пісаў. І мне ніхто не адказаў», — згадвае блогер.

Пра працу з Ксеніяй Сабчак

Што тычыцца Ксеніі Сабчак, то, тлумачыць Сяргей Ціханоўскі, ён толькі аднойчы працаваў з ёй як прадзюсар:

«Я здымаў рэкламныя ролікі, я здымаў рэкламную кампанію Ізраіля. Там адзін трэк быў турыстычны, другі — адпачынак на Чырвоным моры, СПА. І трэці — хрысціянства, то-бок паломніцтва.

Я здымаў з Эмануілам Вітарганам, з [Дзмітрыем] Дзібровым. І Ксенія Сабчак і іншыя там былі селебрыці. Гэта проста акцёры, а я прадзюсар. Мяне нанялі здымаць рэкламу. (…) Ксенія была са сваім мужам Максімам Вітарганам».

Ціханоўскі згадвае, што ў здымачнай групе было 33 чалавекі, у асноўным беларусы. Блогер падкрэслівае, што ні да гэтага, ні пасля не сустракаўся з Сабчак.

«Ніякіх размоваў у нас ні пра што не было. Ёй падабалася са мной працаваць. Кажа: «Гэта адзіны адэкватны чалавек тут». (…) Таму што там быў яшчэ адзін прадзюсар з ізраільскага боку. З ім немагчыма было працаваць. І не выконвалі свае абавязкі людзі».

Ціханоўскі заўважае, што размяшчаў на сваёй старонцы ў сацсетках фотаздымкі з расійскімі зоркамі, з якімі працаваў, аднак гэта ні ў якім разе не можа сведчыць аб тым, што ён быў прарасійскім.

Чытайце таксама:

«Я за тое, каб мы яшчэ паспрабавалі. Я, прынамсі, яшчэ не спрабаваў…» Ціханоўскі паставіў сабе дэдлайн для вынікаў у барацьбе з рэжымам

Ціханоўская: Нельга дапусціць, каб з Беларусі знялі санкцыі без вызвалення палітвязняў

Ціханоўскі расказаў, што адбывалася на Валадарцы 9 жніўня 2020 года

Каментары да артыкула