На канцэрце Каржа варшаўская паліцыя затрымала 109 чалавек. І правярае лозунгі, якія гучалі на стадыёне
Яшчэ дзевяць чалавек былі затрыманыя на стыхійным прэпаці фанатаў спевака ў раёне Воля.
Фота: паліцыя Варшавы
Варшаўская паліцыя расказала аб працы на канцэрце Макса Каржа на Нацыянальным стадыёне ў польскай сталіцы. Больш за сотню чалавек былі затрыманыя, многія атрымалі штрафы.
Першыя затрыманні адбыліся яшчэ 8 жніўня, за дзень да канцэрта. Фанаты Каржа ладзілі прэпаці на вуліцы Ордана ў раёне Воля. Мясцовыя жыхары паскардзіліся на шум ноччу і выклікалі паліцыю. У выніку затрымалі 9 чалавек, 25 атрымалі штрафы. Арганізатару тусоўкі могуць прад'явіць абвінавачанне ў незаконным масавым мерапрыемстве. Паліцыя правярае ўмовы дамовы паміж арганізатарам мерапрыемства і ўладальнікам арандаванага ўчастка.
На самім канцэрце Каржа 9 жніўня, які сабраў больш за 60 тысяч гледачоў, сілавікі затрымалі 109 чалавек за шматлікія правапарушэнні і злачынствы. Сярод іх — захоўванне наркотыкаў, напад на супрацоўнікаў аховы, захоўванне і пранос піратэхнікі, а таксама незаконнае пранікненне на тэрыторыю стадыёна.
Паліцыянты аштрафавалі 50 чалавек на агульную суму 11 450 злотых (3135 даляраў), у суд было накіравана 38 заяў аб прыцягненні да адказнасці. Нагадаем, некаторыя фанаты беларускага спявака спрабавалі прарвацца з трыбунаў на танцпол, з-за чаго канцэрт ледзь не адмянілі.
Таксама паведамляецца, што паліцыянты вызначаюць асобы, адказныя за з'яўленне на стадыёне лозунгаў, якія могуць утрымліваць прыкметы неправамерных дзеянняў. Пры гэтым якія гэта былі лозунгі, не ўдакладняецца.