Ігар Случак збіў Алеся Пілецкага. Справай займаецца паліцыя
Ніводзін з бакоў не хоча каментаваць сітуацыю.
Ігар Случак
Бойка паміж папулярызатарам беларускай мовы Ігарам Случакам і журналістам «Радыё Свабода» Алесем Пілецкім адбылася ў Вільні раніцай 3 жніўня.
Пра канфлікт напісала ў фэйсбуку Аліна Нагорная — сузаснавальніца беларускай прасторы «Золак» і аўтарка кнігі «Мова 404» пра дыскрымінацыю беларускай мовы. Яны з Ігарам Случаком маюць двух дзяцей. Апошнім часам яны жывуць паасобку, але разам гадуюць дзяцей.
Аліна Нагорная і Ігар Случак. Фота: фэйсбук Аліны Нагорнай
Нагорная расказала, што Случак у яе кватэры біў чалавека па галаве нагамі ў ботах і шкляной бутэлькай, але не паведаміла, хто быў ахвярай.
Імя Алеся Пілецкага — вядомага журналіста «Радыё Свабода» і аўтара папулярнага цыкла фэйсбук-допісаў «Давай, пака» — назваў сам Случак.
Алесь Пілецкі. Скрыншот: «Радыё Свабода»
Як вынікае з допісу Случака, ён быў непрыемна ўражаны, калі ўбачыў Пілецкага разам з Нагорнай.
«Камунікацыя паміж намі была такая, што пасля майго візіту яны двое выправіліся ў паліцыю і напісалі на мяне заяву», — прызнаў моўны актывіст, не ўдакладняючы абставіны.
Інтэрнэт-супольнасць, хутчэй, стала на бок Нагорнай — яе два допісы па тэме сабралі 390 і 190 лайкаў адпаведна (другі допіс тут). Пост Случака з яго тлумачэннямі набраў 120 лайкаў.
Усе трое ўдзельнікаў канфлікту, да якіх звярнулася «Наша Ніва», не сталі дадаткова каментаваць сітуцыю. Нагорная і Случак вырашылі не рабіць гэта публічна, Пілецкі не прачытаў паведамленне з просьбай аб каментары.
Падобныя гісторыі могуць вырашацца альбо ў крымінальным, альбо ў грамадзянскім працэсе. Мяркуючы па кантэксце, Пілецкі і Нагорная паспрабавалі пайсці па шляху крымінальнага пераследу Случака.
У залежнасці ад цяжкасці пашкоджанняў за збіццё чалавека агрэсару можа пагражаць па літоўскім заканадаўстве ад штрафу і прымусовых прац да рэальнага зняволення.