З расійскай арміі звольнілі генерала Лапіна, які раней не раз трапляў у скандалы
Паводле паведамленняў расійскіх Z-каналаў, у групоўцы войскаў РФ «Поўнач» адбылася змена камандавання: замест генерал-палкоўніка Аляксандра Лапіна яе ўзначаліў генерал-лейтэнант Яўгеній Нікіфараў, паведамляе Astra.
Аляксандр Лапін
Нікіфарава накіравалі ў Курскую вобласць яшчэ ў жніўні 2024 года, калі туды ўвайшлі падраздзяленні УСУ. Але кіраванне гэтым напрамкам усё адно заставалася за Лапіным, што прывяло да «двоеўладдзя», якое працягвалася да апошніх дзён.
Цяпер, як паведамляецца, Аляксандр Лапін звольнены з Узброеных сілаў Расіі, па некаторых звестках — па ўласным жаданні і праз пагаршэнне здароўя.
Лапін з 2017 года ўзначальваў войскі Цэнтральнай вайсковай акругі. У 2022-м яго знялі з пасады камандуючага групоўкай «Цэнтр» пасля крытыкі Рамзана Кадырава за няўдачы пад Ліманам на Данбасе.
Акрамя таго, гэты генерал неаднаразова трапляў у скандалы: ад узнагароджання сына за правальнае наступленне да выпадку, калі ён накіраваў пісталет на мабілізаванага, прымушаючы таго вярнуцца на пазіцыі.
З вясны 2024 года Лапін узначальваў Ленінградскую вайсковую акругу і групоўку «Поўнач». Заходнія СМІ, у тым ліку Wall Street Journal, называлі яго адным з адказных за прарыў украінскіх войскаў у Курскую вобласць летам 2024 года.
Яўгеній Нікіфараў
Новы камандуючы, генерал-лейтэнант Яўгеній Нікіфараў, раней узначальваў Заходнюю вайсковую акругу, групоўку «Захад» і быў начальнікам Галоўнага штаба Сухапутных войскаў Расіі.
Чытайце таксама:
Як памылка генерала зрабіла мяжу Расіі ўразлівай
Генерал, якога знялі пасля няўдач ва Украіне, узначаліў штаб Сухапутных войск
Брытанская разведка: Кіраўніцтва Расіі спрабуе абвінаваціць за правалы на вайне сваё камандаванне
«Ястрабы» ідуць у атаку. Кадыраў зноў наехаў на расійскага генерала, выступіўшы рупарам Прыгожына
Рамзан Кадыраў знайшоў вінаватага ў адступленні расійскіх войскаў з Лімана