Акцыі з нагоды пяцігоддзя выбараў 2020 года прайшлі ў розных гарадах Еўропы ФОТЫ
Найбольш масавыя беларускія акцыі традыцыйна прайшлі ў гэты дзень у Вільні і Варшаве, але ладзіліся яны таксама і ў іншых краінах ды гарадах, у прыватнасці ў польскіх Беластоку і Уроцлаве і ў нямецкім Берліне.
Падчас акцыі ў Беластоку
Беласток
Беларусы і сябры Беларусі з Беластока 9 жніўня сабраліся на плошчы Касцюшкі.
Яны прыйшлі, каб нагадаць:
- патрабаванні застаюцца нязменнымі;
- людзі памятаюць кожнага, хто заплаціў высокую цану за свабоду;
- яны не губляюць веры ў будучыню вольнай, дэмакратычнай і беларускай краіны.
Гданьск
9 жніўня ў Гданьску адбыўся Дзень салідарнасці з Беларуссю. Яго зладзілі Гданьск і Сопат, Паморскае ваяводскае самакіраванне, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, беларускае культурнае таварыства «Хатка», Таварыства беларусаў Памор’я, беларуская супольнасць «Гданьск 23.34» і праваабарончы цэнтр «Вясна».
Удзел у мерапрыемствах узяў таксама дыпламатычны дарадца Святланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Фота: Офіс Ціханоўскай
Уроцлаў
У цэнтры Уроцлава 9 жніня адбыўся традыцыйны Марш вольнай Беларусі. Шэсце пачалося каля Нацыянальнага форума музыкі (Narodowe Forum Muzyki) і прайшло да Рынка, дзе распачалася акцыя.
Тут выступілі прадстаўнікі беларускіх ініцыятыў Уроцлава, а таксама вольны спартовец Іван Ганін. Як і штогод, да марша і акцыі далучыліся таксама прадстаўнікі польскай і ўкраінскай супольнасцяў, каб выказаць падтрымку і салідарнасць.
Многія ўдзельнікі былі ў масках гномаў, зробленых разам на майстар-класе напярэдадні.
«З аднаго боку гэта крэатыўна, з другога — дазваляе больш паклапаціцца пра бяспеку ўдзельнікаў», — адзначылі арганізатары з Суполкі беларусаў Уроцлава.
Напрыканцы для прысутных выступіў музыка і былы палітвязень Алесь Папковіч. Ягоныя песні гучалі як напамін: нават у выгнанні і нягодах можна заставацца вольным унутры.
Берлін
9 жніўня на Патсдамскай плошчы ў Берліне беларускае аб’яднанне RAZAM e.V. (Беларуская супольнасць Razam), заснаванае 9 жніўня 2020 года, арганізавала акцыю салідарнасці.
Удзельнікі прынеслі кветкі чорнага колеру і паклалі іх каля беларускага кавалка Берлінскай сцяны, усталяванага ў 2020 годзе, як сімвал жалобы і надзеі.
Фота: LookByMedia
Фота: LookByMedia
Фота: LookByMedia
Фота: LookByMedia
Фота: LookByMedia
Клайпеда
У Клайпедзе 9 жніўня прайшла акцыя, на якой мясцовыя актывісты распавядалі і нагадвалі мясцовым жыхарам і турыстам з розных краін аб тым, што беларусы памятаюць, што прымусіла іх з’ехаць з краіны, і па-ранейшаму імкнуцца да таго, каб Беларусь стала вольнай і дэмакратычнай краінай.
Чытайце таксама:
У Варшаве прайшоў Марш Свабоды ФОТЫ