БЕЛ Ł РУС

Святлана Ціханоўская расказала, чаму не праверыла змест канверта ад Паўлючэнкі па прыездзе ў Літву

9.08.2025 / 14:29

Nashaniva.com

У нядаўнім прапагандысцкім сюжэце АНТ расказалі пра пакунак з грашыма, які кіраўнік ААЦ Андрэй Паўлючэнка ўручыў Святлане Ціханоўскай перад ад'ездам з Беларусі. На канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве яна пракаментавала, чаму на працягу пяці год не правярала, што знаходзіцца ў скрутку.

Святлана Ціханоўская на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве, 9 жніўня 2025 года. Фота: Офіс Ціханоўскай

Ціханоўская адзначыла, што па прыездзе ў Літву адклала гэты пакунак «як нешта гідкае» і не хацела да яго дакранацца. Распавядаць пра тое, што адбылося, ёй не хацелася, і цяпер яна лічыць гэта «сваім асабістым сорамам».

На пытанне, ці не было гэта небяспечна — захоўваць побач з сабой канверт ад дзяржаўнага чыноўніка, не ведаючы, што ў ім — Ціханоўская адказала: 

«Неяк я не ставіла гэта пытанне. Я прыехала ў Літву і ў мяне не было нават жадання ў некага парады пытаць, што з гэтым рабіць. Адклала і ўсё. Загарнула ў пакецік — ён да гэтай пары так і ляжыць», — сказала яна.

Што тады ў кватэры Паўлючэнка здымаў яе на камеру, Ціханоўская не бачыла. Яна мяркуе, што і гук мог быць накладзены потым, бо яна не памятае, каб Паўлючэнка пры ёй казаў «вось грошы, якія вы прасілі».

6 жніўня па АНТ паказалі сюжэт, згодна з якім 10 жніўня 2020 года Андрэй Паўлючэнка, начальнік ААЦ, перадаў Святлане Ціханоўскай скрутак з грашым і праводзіў яе і кіраўніцу яе штаба Марыю Мароз да літоўскай мяжы. Сама Ціханоўская заявіла, што з тых часоў канверт ад чыноўніка не адкрывала.

Мароз адзначыла, што Паўлючэнка суправаджаў іх да мяжы, каб быць гэты час «жывым шчытам» для іх бяспекі. 

Чытайце таксама:

Ціханоўская: Ніякіх грошай я не прасіла, мне проста ўсунулі гэты канверт. Яго да сёння не распячатвала

«Канверт для Ціханоўскай». Геніі-лукашысты зноў самі сябе выкрылі і высцебалі

На АНТ паказалі кадры, на якіх Андрэй Паўлючэнка перадае нейкі скрутак Ціханоўскай

Што вядома пра Паўлючэнку, які ў 2020 годзе перадаў Ціханоўскай скрутак з грашыма і суправадзіў да мяжы?

Ён быў як жывы шчыт. Марыя Мароз расказала, чаму яны з Ціханоўскай патрабавалі, каб з імі да мяжы ехаў кіраўнік ААЦ Паўлючэнка

Каментары да артыкула