Эканаміст Крук: Жыць далей спадзяваннямі 2020-га — інфантыльна
Эканаміст Зміцер Крук на канферэнцыі «Новая Беларусь» у Варшаве выказаў сваё бачанне, што мусіць стаць стратэгічнай задачай для Беларусі.
«Мы страцілі магчымасць глядзець на Беларусь як самастойны сюжэт, дзе дабро супраць зла. Што я маю на ўвазе? У 2020 годзе мы ўспрымалі гэта як досыць простую гісторыю, дзе дыктатура супраць дэмакратыі, супраць свабоды. Што змянілася далей, гэта не зусім залежыць ад нас — мы сталі часткай больш шырокага сцэнара, звязанага з уплывам Расіі».
Зміцер Крук згадвае, што яму ў 2020 годзе спадабаліся словы аднаго беларускага філосафа: «Беларускі народ адмяніў геапалітычную дыскусію».
«Нам тады падавалася, што мы можам адасобіцца ад кантэксту, больш цяжкага кантэксту, і казаць, што гэта, насамрэч, проста аксамітная рэвалюцыя», — дзеліцца ён.
Эканаміст расказвае таксама пра сваю размову ў кастрычніку 2020 года з Іванам Міклашам, былым міністрам фінансаў Славакіі.
«Я спрабаваў развіваць гэты тэзіс, што беларуская гісторыя — гэта гісторыя выключна ўнутраная, гэта патрэба і жаданне народу да свабоды. На што Іван Міклаш мне адказаў у эфіры [ютуба] больш дыпламатычна, што вы недаацэньваеце ролю, удзел і ўплыў Расіі.
Пасля эфіру спадар Міклаш мне больш шчыра сказаў: «Гэта пэўны інфантылізм. Вы хочаце, і я добра разумею, адасобіцца, вам так прасцей, і гэта для ўнутранай гісторыі прасцей не заўважаць тыя фактары, якія ёсць. Але хутчэй за ўсё, вы памыляецеся».
Сёння, на жаль, я вымушаны сказаць, што спадар Міклаш меў рацыю. Тое, што мы ўсе пабачылі пасля 2022 года — тое, што мы сталі толькі часткай больш шырокага сюжэта».
«Калі мы раней казалі, што змяніць уладу ў Беларусі магчыма ўнутранымі высілкамі, сёння гэта далёка не факт, — разважае Крук. — Мне самаму падаецца, што сцэнар дэмакратызацыі Беларусі як удар па Расіі — гэта класны сцэнар. Але, на жаль, найбольш рэалістычна выглядае сцэнар стратэгічнай паразы ці значнага аслаблення Расіі і пасля гэтага змены ў Беларусі».
Сёння Беларусь — закладніца расійскай палітыкі, адзначае Крук. Стратэгічнай задачай ён бачыць выцягнуць Беларусь з сферы ўплыву Расіі.
Кажучы пра тое, што беларусы набылі пасля 2020-га, Зміцер Крук называе сталенне нацыі, і гэта важны здабытак.
«Пры гэтым я адзін з тых, хто кажа, што трэба перастаць жыць у 2020 годзе і перайсці ў 2025-ты. Што я маю на ўвазе? Ні ў якім разе не тое, што трэба адмовіцца ад спадчыны 2020 года. Якраз-такі наадварот. Спадчына 2020 года — гэта найвялікшы сімвал, гэта вельмі важнае гістарычнае значэнне. І я якраз-такі казаў бы аб тым, што яго трэба капіталізаваць. Стварыць яго міф, сімвал. І гэты міф, сімвал, ён не меншы, чым 25 сакавіка 1918 года.
Тое, што было ў 2020 годзе — гэта адно з найвялікшых дасягненняў беларускага грамадства. (…) Але трэба рухацца далей і сыходзіць, магчыма, ад тых трошкі інфантыльных адчуванняў маладосці, якія былі ў 2020 годзе, і больш рэалістычна глядзець на сітуацыю, якая, на жаль, сёння горш выглядае».