БЕЛ Ł РУС

Праваабаронцы зафіксавалі за пяць гадоў больш за 100 тысяч фактаў пераследу

9.08.2025 / 9:53

Nashaniva.com

З пратэстаў 2020 года мінула ўжо пяць гадоў. Жорсткасць і бесчалавечнасць сілавікоў у ліпені і жніўні 2020-га абурыла ўсю міжнародную супольнасць, але з таго часу сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі значна пагоршылася, піша «Вясна».

За пяць гадоў праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі больш за 100 000 фактаў рэпрэсій: ператрусаў, каротка– і доўгатэрміновых затрыманняў, допытаў і інш.

Сёння за кратамі — 1190 палітвязняў, яшчэ некалькі дзясяткаў чалавек утрымліваюць у ІЧУ па ўсёй краіне паводле палітычных адміністрацыйных артыкулаў. За гэты час былі прызнаныя палітвязнямі 4064 чалавекі.

Мінімум 8 522 чалавекі сталі фігурантамі крымінальных справаў. У дачыненні да не менш за 7 299 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды.

«Вясне» вядома пра мінімум 1761 жанчыну, асуджаную паводле крымінальных артыкулаў.

Наўпрост цяпер у месцах няволі знаходзяцца 178 палітзняволеных жанчын, сярод якіх пенсіянеркі, жанчыны з сур'ёзнымі захворваннямі, а таксама шматдзетныя маці.

Праваабаронцам вядома не менш чым пра 206 палітвязняў, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы. Гэта людзі, якія маюць праблемы са здароўем, непаўнагадовыя на момант здзяйснення дзеянняў, што ставяцца ім у віну, шматдзетныя і іншыя людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, людзі, якія знаходзяцца на прымусовым псіхіятрычным лекаванні ў закрытых установах.

1620 палітвязняў адбылі тэрміны цалкам, 3000 маюць статус былых палітвязняў.

З 2020 года 360 палітвязняў былі памілаваныя, восем з іх былі дэпартаваныя наўпрост з калоніі, пры гэтым яны не маюць іншага грамадзянства апроч беларускага.

Не менш за 3 673 чалавекі асуджаныя за ўдзел у акцыях пратэсту паводле ч. 2 арт. 293 і арт. 342 Крымінальнага кодэксу. Суды працягваюцца да гэтага часу

За гэты час восем палітвязняў памерлі ў зняволенні: Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак, Дзмітрый Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер.

Ужо 180 чалавек у Беларусі асудзілі завочна. Не менш за 85 замежных грамадзян асудзілі па палітычных крымінальных справах у Беларусі, 30 з іх цяпер утрымліваюцца ў зняволенні.

Чытайце таксама:

Пяць гадоў таму ў Беларусі адбыліся прэзідэнцкія выбары

Каментары да артыкула