У Бараўлянах дзяўчынка атруцілася газам пасля замены лічыльніка
У пасёлку Бараўляны Мінскага раёна трохгадовая дзяўчынка атруцілася прыродным газам. Яе ў цяжкім стане даставілі ў рэанімацыю дзіцячай абласной бальніцы.
Фота ілюстрацыйнае
Як паведамляе Следчы камітэт, напярэдадні раніцай у кватэры сям’і праводзілася замена газавага лічыльніка. Увечары, калі бацькі вярнуліся дадому, бацька адчуў моцны пах газу і выклікаў аварыйную газавую службу. Спецыялісты выявілі ўцечку газу над і пад новым лічыльнікам і неадкладна адрамантавалі пашкоджанне.
На наступную раніцу маці заўважыла, што дзіця выглядае слабым і вялым і адразу звярнулася па медыцынскую дапамогу.
Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка.
Пры выкарыстанні газавага абсталявання важна захоўваць правілы бяспекі. Рабіць замену і рамонт павінны толькі кваліфікаваныя спецыялісты. Варта таксама рэгулярна абслугоўваць газавыя прыборы, паставіць датчыкі ўцечкі газу, правяраць працу вентыляцыі, а пры першым паху газу — перакрываць падачу, адкрываць вокны і выклікаць аварыйную службу.
Таксама важна сачыць за самаадчуваннем — галаўны боль, млоснасць, слабасць могуць быць прыкметамі атручвання.