БЕЛ Ł РУС

Сакрэты пабудовы першага Менска: польскія тэхналогіі і святыя дрэвы для сцен

10.08.2025 / 7:0

Nashaniva.com

Археолаг расказаў, у чым гарадзішча на Менцы пераймае традыцыі першай сталіцы Польшчы, а не Русі, і чаму на яго пабудову ссеклі святы гай славян-язычнікаў.

Раскопкі на вале гарадзішча на Менцы. Фота: Інстытут эксперыментальнай батанікі НАН Беларусі

Падрабязнасці пра маштабныя раскопкі на Менцы, падчас якія знайшлі адно з найлепш захаваных умацаванняў X—XI стагоддзя ва Усходняй Еўропе і дазволілі дакладна вызначыць час яго будаўніцтва — зіму 997—998 гадоў, расказаў у лекцыі на ютуб-канале Музея гісторыі Мінска археолаг Андрэй Вайцяховіч, кіраўнік экспедыцыі.

Навошта праводзілі раскопкі

У 1954 годзе археолаг Аляксей Мітрафанаў зрабіў два невялікія раскопы на пляцоўках Малога і Вялікага гарадзішча. У 1967 годзе Эдуард Загарульскі правёў дзве прарэзкі валоў Вялікага гарадзішча шырынёй усяго 1 метр. Ён выявіў у адным раскопе фрагменты драўлянай маставой і кут зрубнай пабудовы, у другім — рэшткі развалу драўлянай канструкцыі, якая ляжала ў пласце ХІ ст. і была перакрыта насыпам вала. Да мацерыковага грунту ён не дабраўся.

Даследаванні, праведзеныя Эдуардам Загарульскім у 1967 годзе. Скрыншот відэа

Гэтыя вынікі прывялі Загарульскага да высновы, што валы ўзведзены не раней за XIV стагоддзе, бо яны перакрывалі старажытнейшыя напластаванні. Ён адмаўляў магчымасць таго, што тут быў старажытны Менск, і не змяніў меркавання нават праз паўстагоддзя.

Прарэзка вала 1969 г. пад кіраўніцтвам Міхаіла Ткачова. Скрыншот відэа

У 1969 годзе Міхаіл Ткачоў даследаваў сценку паўднёвага выхаду з гарадзішча і знайшоў гаршчок X—XI ст., датуючы першапачатковы насып гэтымі стагоддзямі. Загарульскі адкінуў яго высновы, спаслаўшыся на парушаную стратыграфію ў гэтым месцы.

У 1979—1983 гадах Георгій Штыхаў зрабіў шырокую (4—6 м) прарэзку вала і на вялікай глыбіні знайшоў падвойныя клеці — класічныя зрубы-гародні, характэрныя для старажытнарускіх гарадоў X—XI стст., асабліва ў паўднёвых рэгіёнах Русі.

Даследаванні, праведзеныя Георгіем Штыхавым у 1979-1983 гг. Скрыншот відэа

Штыхаў прыйшоў да высновы, што на Менцы быў горад і, верагодна, летапісны Менск. Але Загарульскі настойваў, што гэта апоры для каменных слупоў брамы, а не абарончыя сцены.

Як тлумачыць Андрэй Вайцяховіч, свае раскопкі на Менцы яны задумвалі ў тым ліку каб высветліць, што ж насамрэч адкапалі іх папярэднікі.

Раскопкі апошніх гадоў

Улетку 2023-га каманда Андрэя Вайцяховіча вярнулася на тое самае месца, дзе дзесяцігоддзямі раней капалі Штыхаў і Загарульскі. Але цяпер — не вузкая траншэя, а раскоп шырынёй тры метры, каб убачыць карціну цалкам.

Згарэлая драўляная канструкцыя, выяўленая ў час раскопак 2023 года. Скрыншот відэа

Пад дзёрнам паказаліся рэшткі XVIII стагоддзя — два бярвёны, пакладзеныя роўна, нібы падмурак для плота або частаколу. Гэтыя сляды «новай гісторыі» былі засыпаная культурным пластом з матэрыяламі XVII стагоддзя.

Далей пачаўся сапраўдны вал: шчыльны пясчаны насып з суглінку з уключэннем жоўтага пяску. Паглыбляючыся ніжэй, археолагі выявілі каменныя вымасты. Такія ж бачыў яшчэ Ткачоў паўстагоддзя таму, але прызначэнне іх застаецца загадкай — магчыма, каб утрымаць схіл ад апаўзання.

Каменныя вымасты, выяўленыя ўнутры вала. Скрыншот відэа

Разрэз вала. Жоўта-чорны «пірог» злева — гэта крапасная сцяна, якая завалілася ўнутр гарадзішча. Па правым краі гэты «пірог» мае выразную вертыкальную лінію — след вонкавага краю былой сцяны. Скрыншот відэа

На глыбіні 5 метраў пачалі з’яўляцца чорныя глеістыя праслойкі, на якія наплывае пясчаны насып і які Штыхаў памылкова прыняў за сляды пажарышчаў.

На глыбіні 6 метраў з’яўляюцца квадратныя абрысы пабудоў са спарахнелага дрэва. Гэтыя абрысы супадаюць з вертыкальнай лініяй на разрэзе вала — гэта рэшткі першапачатковай драўлянай сцяны, верхняя частка якой завалілася ўнутр гарадзішча.

Два рады клецяў-гародняў, з якіх складаліся сцены гарадзішча, на лідарнай здымцы. Скрыншот відэа

Два рады клецяў-гародняў, з якіх складаліся сцены гарадзішча. Скрыншот відэа

Два рады клецяў-гародняў, з якіх складаліся сцены гарадзішча. Скрыншот відэа

Кульмінацыяй раскопак стала выяўленне ў канцы лістапада 2023 года на глыбіні 7 метраў зрубаў-гародняў, да якіх дайшоў калісьці Штыхаў, і маставой, знойдзенай Загарульскім.

Маставая праходзіла паўзверх гародняў, але не судакраналася з імі. Аналіз драўніны паказаў, што яна была пракладзена не раней за XIV-XV стагоддзі.

Старажытныя канструкцыі, захаванасць якіх не мае роўных

Драўляныя клеці-гародні, складзеныя з бярвення, мелі перагародкі і былі запоўненыя глеем і белай рачной глінай. У час даследаванняў знайшлі 9 фрагментаў драўляных лапат, 3 арабскія дырхамы, вагі, упрыгажэнні, падвескі, пярсцёнак, мноства фрагментаў керамікі, косткі жывёл, а таксама фрагменты зламаных сякер, нажоў і іншае, што засталося ад часу будаўніцтва ўмацаванняў.

Знаходкі, звязаныя з клецямі-гароднямі. Скрыншот відэа

Даследаванні працягнулі ў наступным годзе, раскрыўшы клеці-гародні на вышыню 14 вянцоў.

«Гэта даволі шмат. Уласна кажучы, ва Усходняй Еўропе такой захаванасці ўмацаванняў старажытнарускага часу невядома», — адзначае Вайцяховіч.

Вонкавыя клеці памерам 8х4 м былі складзены з дубовага бярвення, якое дзякуючы балоцістай мясцовасці і запаўнення глеем набыло ўласцівасці моранага дубу. Яны былі пакладзены на падмурак з бярвення 40 см у дыяметры. Каб бярвенне не выпадала і вораг не змог яго вырваць, клеці мелі гакі — бярвенне з суком у выглядзе крука, якое трымала іншыя бярвенні. Спачатку ўзводзілі адзін вянец, які запаўнялі грунтам, пасля наступны — і зноў запаўнялі грунтам.

Вышыня, на якую захаваліся клеці-гародні, унікальная для Усходняй Еўропы. Скрыншот відэа

З унутранага боку быў прыбудаваны яшчэ рад клецяў, якія выкарыстоўваліся як гаспадарчыя пабудовы. Калі гародні стаялі проста на слоі трэскі, якая засталася ад апрацоўкі бярвення, то пад унутранымі клецямі была своеасаблівая гідраізаляцыя — праслойка белай гліны да 40 см.

«Калі мы дайшлі да гэтага ўзроўню, то праводзілі раскопкі па калена ў вадзе. Нягледзячы на тое, што ваду адкачвалі, увечар ужо зноў стаяла вада. З гэтай прычыны Георгій Штыхаў і не давёў да канца свой раскоп, бо тут вельмі высокія грунтавыя воды, і з гэтым змагацца амаль немагчыма», — скардзіцца кіраўнік раскопак.

«Польскі» след

Але за вонкавымі гароднямі, калі даследчыкі паглыбіліся глыбей, яны выявілі яшчэ два рады абарончых збудаванняў. Гэта былі паўклеці вышынёй паўтара метра, якія не мелі задняй сценкі. Тут таксама былі выяўлены гакавыя канструкцыі, але трохі не такія, як у гароднях. На дальніх канцах гакаў былі зроблены пазы, праз якія ў зямлю ўбіваліся драўляныя нагелі, каб гакі немагчыма было ссунуць з месца, бо ў паўклецяў няма задняй сценкі і нішто больш іх не трымае ў канструкцыі.

Гак, канец якога быў аформлены ў выглядзе галавы барана. Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

Чытайце таксама: На захадзе Польшчы знайшлі артэфакт, падобны да таго, што нарабіў шуму пры раскопках гарадзішча на Менцы

«Такая канструкцыя абсалютна незвычайная і не ўласцівая для старажытнарускіх зямель. Найбліжэйшая аналогія, абсалютна ідэнтычныя гакавыя канструкцыі былі знойдзены ў польскім Гнезне, сталіцы караля Мешкі I сярэдзіны — другой паловы X стагоддзя.

І тут мы бачым змяшэнне дзвюх традыцый: традыцыйнай старажытнарускай у гэтых клецях і заходне-славянскай у гэтых гакавых канструкцыях. Будаўнікі ведалі і выкарыстоўвалі ўсе прыёмы фартыфікацыі таго часу. Магчыма, запрашалі майстроў», — тлумачыць Вайцяховіч.

Перад умацаваннямі праходзіла дарога, якая была выбрукавана каменем. Праўда, з часам дарогу пакрыў пласт гною таўшчынёй каля 15 см, бо, відаць, па ёй ганялі скаціну.

Разбурэнне сцен і ператварэнне ў валы

Калі вонкавыя клеці сцен былі складзены з якаснага дубу, то другі рад клецяў быў складзены з драўніны розных парод. Чашкі першага зрубу былі абпалены, каб драўніна не гніла. У другім радзе гэтага не было. Вайцяховіч ацэньвае агульную вышыню сцяны ў 7 метраў.

Клеці, якія заваліліся ўнутр пад уласным цяжарам. Скрыншот відэа

Клеці былі запоўнены цяжкім, вільготным грунтам. Шматтонная вага ціснула на сцены. Умацаванне стала прасядаць з унутранага боку, чашкі пачалі падгніваць і, не вытрымаўшы шматтоннай вагі, проста схлопнуліся, і велізарная маса ўсёй гэтай сцены пачала завальвацца ўнутр гарадзішча.

Нахіл быў настолькі прыкметны, што патрабаваў тэрміновых мер — відаць, спачатку спрабавалі выратаваць умацаванне, падсыпаючы знутры жоўты пясок, каб падперці сцяну і прадухіліць далейшае апусканне. Так утварыўся своеасаблівы контрфорс з насыпанай зямлі.

Але гэта была толькі часовая дапамога: драўніна працягвала гніць, а канструкцыя — губляць устойлівасць. У выніку, каб не перабудоўваць сцяну цалкам, яе проста засыпалі зверху зямлёй, ператварыўшы ў звычайны земляны вал.

Княжацкі заказ

Ключавым адкрыццём стаў дакладны час узвядзення ўмацаванняў. Для гэтага даследчыкі ўзялі 95 спілаў з розных участкаў сцяны і правялі дэндрахраналагічны аналіз па трох рэгіянальных шкалах — беларускіх і смаленскай. Дата аказалася надзвычай дакладнай: усе бярвёны былі ссечаныя зімой 997—998 гадоў.

Чытайце таксама: Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

Сківіца дзіка, якая ўрасла ў дрэва, можа сведчыць пра тое, што для будаўніцтва сцен новага горада ссеклі язычніцкі святы гай. Фота: Інстытут гісторыі НАНБ

Гэта сведчыць пра тое, што ўзвядзенне гародняў было не самадзейнасцю мясцовых жыхароў, а дзяржаўным праектам найвышэйшага ўзроўню — відавочна, па княжацкім загадзе.

«Відаць, загад быў аддадзены ў канцы 997 года, — тлумачыць Вайцяховіч. — Зімой нарыхтавалі драўніну і па снезе на санях звозілі яе на месца будоўлі. Ужо ў 998 годзе пачалося ўзвядзенне сцяны. І тады паселішча, якое існавала яшчэ з канца IX стагоддзя, ператварылася ў паўнавартасны горад».

У гэтым кантэксце лагічным выглядае і назва — горад на рацэ Менка павінен быў называцца Менск, цалкам адпавядаючы традыцыі старажытнарускай тапанімікі, дзе гарады часта атрымлівалі імёны ад рэк, на якіх стаялі.

Святы гай язычнікаў

Асобна археолагі адзначаюць знаходку ўнікальнага бервяна, у якое была «ўжыўленая» ніжняя сківіца дзіка. Такія бярвенні вядомыя яшчэ з пачатку ХХ стагоддзя па даследаваннях ва Украіне: іх звязваюць са святымі гаямі язычнікаў. У тым выпадку, калі ў Х стагоддзі, пасля прыняцця хрысціянства, Уладзімір загадаў знішчаць такія гаі, дрэвы секлі і скідалі ў ваду.

У выпадку з Менскім гарадзішчам археолагі лічаць, што падчас будаўніцтва вялізнай сцяны — агарадзіць трэба было каля трох гектараў — патрэба ў драўніне была настолькі вялікая, што секлі ўсё запар. У тым ліку пад сякеру траплялі і сакральныя дрэвы з язычніцкіх гаёў, і адно з такіх, разам з умацаванай у ім сківіцай кабана, трапіла ў канструкцыю гарадской сцяны.

Заняпад і перанос горада на Свіслач

Атрыманыя матэрыялы паказваюць, што ўжо ў XI стагоддзі горад неаднаразова гарэў у выніку ваенных нападаў. Археолагі знайшлі сляды пажараў, абвугленую зброю і хатнія рэчы, якія дазваляюць звязаць разбурэнні з вядомымі падзеямі, у тым ліку з бітвай на Нямізе ў 1067 годзе, калі войскі Яраславічаў узялі Менск і спалілі яго.

Аднак перанос сталіцы Мінскага княства адбыўся не праз войны, а па стратэгічных і эканамічных прычынах. Горад на Менцы стаяў на вузкай і несуднаходнай рачулцы, меў абмежаваную тэрыторыю замка і ўжо не адпавядаў патрэбам XII стагоддзя. Насельніцтва вакол паступова перасялялася ў больш зручныя для гандлю і рамёстваў мясціны ў басейне Свіслачы — бліжэй да вялікіх водных шляхоў.

Тут паўстаў новы ўмацаваны горад, сёння вядомы як сталіца Беларусі. Стары горад на Менцы працягваў існаваць яшчэ да сярэдзіны XIII стагоддзя — як важны гандлёвы вузел, дзе працавалі ювелірныя і іншыя майстэрні. Але паступова жыццё тут згасла, і толькі ў XIV—XV стагоддзях месца адрадзілася ўжо як феадальная сядзіба, што хавалася за старажытнымі валамі.

Чытайце таксама:

Каб пабачыць старажытны Менск, трэба ехаць у Германію? Чаму на Захадзе па-іншаму глядзяць на славянскія крэпасці

Пазайздросцілі савецкаму Кіеву. Як у Мінску ледзь не адбудавалі велічную браму, якой ніколі не было

Стаў вядомы сапраўдны год заснавання Менска. Адкрыццё было вострасюжэтным навуковым дэтэктывам

На гарадзішчы на Менцы знайшлі фрагмент амфары з рунай

На захадзе Польшчы знайшлі артэфакт, падобны да таго, што нарабіў шуму пры раскопках гарадзішча на Менцы

На Менцы ўпершыню знайшлі ліцейную форму для ювелірных упрыгажэнняў. Гэта змяняе ўяўленне пра жыццё летапіснага Менска

Каментары да артыкула