У Судане збілі самалёт Арабскіх Эміратаў з дзясяткамі калумбійскіх наймітаў на борце
Раней ААЭ наймала калумбійцаў для ўдзелу ў грамадзянскай вайне ў Емене.
Ілюстрацыйны здымак. Іл-76Т у аэрапорце горада Ньяла. Фота: Wikimedia Commons
Як паведамляе Sudan Tribune са спасылкай на дзяржаўнае тэлебачанне Судана, 6 жніўня падчас падлёту да аэрапорта горада Ньялы (сталіца Паўднёвага Дарфура) Узброеныя сілы Судана знішчылі транспартны самалёт (верагодна, Іл-76Т), зафрахтаваны ААЭ. Паведамляецца, што самалёт вылецеў з вайсковай базы ў рэгіёне Персідскага заліва.
Згодна з апублікаванай інфармацыяй, ваенная разведка суданскай арміі сачыла за перамяшчэннямі самалёта і кантралявала яго каардынацыю з баевікамі Сіл хуткай падтрымкі (Rapid Support Forces — RSF), якія трымаюць пад кантролем аэрапорт. Гэта дазволіла нанесці ўдар адразу пасля яго пасадкі, яшчэ да таго, як RSF паспелі разгарнуцца.
У рэпартажы сцвярджалася, што ў выніку ўдару загінулі як мінімум 40 калумбійскіх наймітаў і знішчаны партыі зброі і рыштунку, прызначаных для RSF, якія ўдзельнічаюць у грамадзянскай вайне, што працягваецца з красавіка 2023 года.
У сваім рэпартажы дзяржаўны тэлеканал назваў гэты ўдар «адкрытым пасланнем» пра тое, што «суверэнітэт Судана — гэта чырвоная рыса» для замежнага ўмяшання. У заяве таксама адзначалася, што аперацыя ўстанаўлівае «новую формулу стрымлівання».
Паведамляецца, што транспартны самалёт быў цалкам знішчаны ў выніку ўдару. А прэзідэнт Калумбіі Густава Петра даручыў пасольству краіны ў Егіпце высветліць падрабязнасці гібелі грамадзян сваёй краіны і вярнуць іх целы на радзіму.
RSF занялі Ньялу ў канцы мінулага года і, як заяўляе суданская армія, выкарыстоўвае мясцовы аэрапорт як важны лагістычны цэнтр для атрымання зброі, падрыхтоўкі баевікоў і кантрабанды суданскага золата.
На відэа: Суданцы і калумбійскія найміты ў трэніровачным лагеры RSF.
Паведамляецца, што адначасова з ударам па самалёце Узброеныя сілы Судана нанеслі ўдары па складах зброі RSF і трэніровачных лагерах, дзе знаходзіліся калумбійцы.
Што робяць калумбійскія найміты ў Судане?
4 жніўня гэтага года калумбійская газета La Silla Vacía апублікавала падрабязнасці ўдзелу больш за 300 калумбійскіх наймітаў у падрыхтоўцы байцоў суданскай паліцыі ў Дарфуры. Яны называюць сябе «Desert Wolves» («Пустынныя ваўкі»).
Яшчэ ў мінулым годзе журналісты высветлілі, што калумбійцаў наймае кампанія Global Security Service Group (GSSG) з Абу-Дабі, якая належыць грамадзяніну ААЭ Махамеду Хамдану Альзаабі. На здымках, якія атрымала калумбійскае выданне, відаць, што сярод тых, каго навучаюць у Судане калумбійцы, ёсць і непаўналетнія.
Дзеці і дарослыя ў трэніровачным лагеры RSF у Паўднёвым Дарфуры. Фота: lasillavacia.com
«Мяне адправілі інструктарам у трэніровачныя лагеры. У лагеры, куды набіралі на навучанне 1000, 2000, нават 3000 суданцаў. Там былі дзеці 10, 11 і 12 гадоў. Былі таксама людзі 20 і 30 гадоў, але шмат, шмат дзяцей», — расказаў выданню калумбійскі найміт.
3 жніўня гэтага года прадстаўнік Судана пры ААН Амар Махмуд у сваім твітар-акаўнце асудзіў аперацыі калумбійскіх наймітаў у Паўночным Дарфуры.
«Афрыка выступае супраць замежных наймітаў з моманту прыняцця Канвенцыі 1977 года. Сёння гэтая спадчына падвяргаецца атацы. Калумбійскія найміты, нанятыя Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі, забіваюць мірных жыхароў у Паўночным Дарфуры», — напісаў дыпламат у твітары.
Чаму найміты з Калумбіі?
Як піша The Wall Street Journal, дзякуючы вялікай колькасці ветэранаў наркавайны, навучаных працаваць з амерыканскай зброяй, Калумбія ўжо даўно з’яўляецца мішэнню для вярбоўшчыкаў з замежных агенцтваў бяспекі і вайсковых структур.
Дзесяць гадоў таму ААЭ праз ваенных падрадчыкаў адпраўлялі калумбійцаў ваяваць у грамадзянскай вайне ў Емене. У верасні 2024 года зарэгістраваная ў сталіцы Калумбіі кампанія International Services Agency (A4SI) пачала размяшчаць на сваім сайце аб’явы з пошукам аператараў дронаў, спецыялістаў па кібербяспецы і целаахоўнікаў для працы ў Афрыцы.
Прыкладна ў той жа час у чатах калумбійскіх ветэранаў з’явілася аб'ява аб вакансіі з прапановай зарплаты ад $2600 да $6000 на месяц для кандыдатаў з ваенным досведам, гатовых працаваць на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.
Калумбійскія вайсковыя падрадчыкі, знаёмыя з працэсам набору, кажуць, што A4SI шукала снайпераў і перакладчыкаў з іспанскай на англійскую. Дзясяткі былых салдат, па словах падрадчыкаў, падпісалі кантракты з GSSG, якая супрацоўнічала з A4SI некалькі гадоў.
Але, як кажуць калумбійскія падрадчыкі і адстаўнікі, у кантрактах з GSSG не было згадкі ні пра Судан, ні пра службу ў актыўнай баявой зоне. «Іх практычна падманулі», — расказаў журналістам восенню мінулага года адзін з падрадчыкаў.
Як паведамляе TRT Global, паведамленні пра калумбійскіх баевікоў у Дарфуры з’яўляюцца яшчэ з канца 2024 года. Эксперты ААН у дакладзе, апублікаваным у красавіку, пацвердзілі, што яны былі наняты прыватнай ахоўнай фірмай для падтрымкі RSF.
Нягледзячы на шматлікія доказы, ААЭ працягваюць адмаўляць сваю датычнасць да распальвання грамадзянскай вайны ў Судане.
У маі Рада бяспекі і абароны Судана паведаміла аб разрыве дыпламатычных адносін з ААЭ, афіцыйна абвясціўшы яе «дзяржавай агрэсіі».
Пасля знішчэння самалёта з наймітамі ў Ньяле ААЭ спынілі авіязносіны з Суданам і забаранілі ўсім суданскім самалётам пасадку ў сваіх аэрапортах.
Вайна ў Судане — поле бою замежных дзяржаў
Вайна ў Судане паміж рэгулярнай арміяй і паўстанцкімі Сіламі хуткай падтрымкі ператварылася ў поле бою для ўсё большай колькасці замежных дзяржаў, якія пастаўляюць байцоў і зброю нават з Лацінскай Амерыкі і Еўропы.
Шэраг рэгіянальных урадаў спрабуюць узмацніць свой уплыў па меры эскалацыі баявых дзеянняў — з аднаго боку Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, з другога — Егіпет.
Пад пытаннем кантроль над суднаходнымі шляхамі Чырвонага мора, аднымі з найбуйнейшых у Афрыцы запасаў золата і спрэчнымі водамі Ніла.
Варта адзначыць, што грамадзянская вайна ў Судане мае разбуральныя наступствы для 48 мільёнаў жыхароў краіны. Яна выклікала найгоршы гуманітарны крызіс нашага часу, больш за 13 мільёнаў чалавек сталі ўнутранымі перамешчанымі асобамі. У краіне катастрафічны дэфіцыт прадуктаў.
Чытайце таксама:
Паваротны момант у грамадзянскай вайне ў Судане: урадавыя войскі занялі прэзідэнцкі палац
У авіякатастрофе ў Судане загінулі 46 чалавек, у тым ліку высокапастаўленыя чыноўнікі