Як пасля 2020 года склаўся лёс маладой пракуроркі Валерыі Таратынка?
Дзяўчына атрымала не толькі павышэнне, але і іншыя бонусы. А яшчэ ёй даручылі займацца генацыдам.
Валерыя Таратынка. Фота: «Наша Ніва»
На сайце Акадэміі кіравання пры Лукашэнку галоўнай жыццёвай мудрасцю 29-гадовай выпускніцы пазначана разважанне пра поспех: «Поспех дасягаецца не пафаснымі размовамі, а доўгай, зацятай і карпатлівай працай».
У яе выпадку гэта ўдарная праца з палітычна матываванымі прысудамі. Валерыя Таратынка пачынала справу па факце нанясення надпісу «Не забудзем» на Пушкінскай, якую пасля перадалі Аліне Касьянчык.
Чытайце таксама: Дзе цяпер пракурорка Касьянчык, якой пасля 2020-га адмовіліся здаваць кватэру?
За «цынічны» надпіс, які, на погляд абвінаваўцаў, «зневажаў грамадзян», Уладзіслаў Гуліс атрымаў два гады калоніі, Дзяніс Граханаў і Ігар Самусенка — паўтара года хіміі.
Таратынка таксама брала ўдзел у гучнай справе перакладчыцы Вольгі Калацкай, якую судзілі за тое, што яна дала аплявуху прапагандысту Рыгору Азаронку. Нягледзячы на тое, што сам Азаронак папрасіў не караць Вольгу крыміналкай, ёй усё ж далі два гады хатняй хіміі, як і прасіла пракурорка.
У некалькіх судовых справах Таратынка была ўжо пацярпелай — ад каментароў. Так, за нецэнзурны каментар на яе адрас Зміцер Невяроўскі, які мае 3-ю групу інваліднасці, атрымаў два гады хатняй хіміі. Амаль такі ж лёс напаткаў санітарку анкадыспансера Ганну Багачову. Дадаткова яна заплаціла пракурорцы тысячу рублёў за маральныя пакуты.
Валерыя Таратынка. Фота: pac.by
У змаганні з людзьмі іншых палітычных поглядаў Таратынка не гідзілася і даносіць: прынамсі, адзін званок з яе нумара тычыўся палітычнага плаката на будаўнічым плоце, які муляў яе воку.
Кар’ера Таратынка пайшла ўгару: калі ў 2020-м яна была старшай памочніцай пракурора Фрунзенскага раёна Мінска, то ў канцы 2021-га ўжо працавала ў Генеральнай пракуратуры — пракурорам ва ўпраўленні ўзаемадзеяння са СМІ і рэдакцыйнай дзейнасці.
Сёння яна — старшы пракурор упраўлення па наглядзе за расследаваннем асабліва важных крымінальных спраў Генеральнай пракуратуры.
Фота: «Мінская праўда»
У камандзе з генеральным пракурорам Андрэем Шведам яна расследуе генацыд беларускага народа. І нават паспела стаць адной з укладальніц навучальнага дапаможніка для 1-4 класаў «Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны». З гэтай тэмай Таратынка актыўна гастралюе па краіне.
Бонусамі дзяўчыне за яе старанні дасталіся аўтографы Лукашэнкі і, напэўна, кватэра ў Сеніцы.
«Калі мне было гадоў сем, маці спытала, кім я хачу стаць у будучыні, — узгадвала Таратынка. — Не задумваючыся, адказала: «Пракурорам!»