БЕЛ Ł РУС

«У банку пацвердзілі, што яны сапраўдныя». Беларуска купіла на Wildberries даляры па нечаканым курсе

7.08.2025 / 16:5

Nashaniva.com

Беларуска Марына з цікаўнасці купіла на Wildberries дзейныя даляры. Аб'ява аб продажы банкнот хоць і знаходзілася ў раздзеле «манеты сувенірныя», прадавец запэўніваў: ён адпраўляе пакупнікам сапраўдныя купюры. І гэта аказалася праўдай, піша Myfin.by.

«Я ўбачыла, што на WB розныя прадаўцы прапануюць купіць купюру ў два даляры. Я замовіла яе дзеля цікаўнасці. Забрала ў ПВЗ, аднесла грошы ў банк, каб паказаць іх работніцы абменнага пункта. У банку пацвердзілі, што яны сапраўдныя», — расказала беларуска.

Марына паказала тую самую аб'яву, дзе гаварылася пра продаж сапраўдных даляраў. У водгуках раз-пораз праскокваюць скаргі ў стылі «прыйшлі адныя карцінкі», пры гэтым агульная адзнака тавару 4,8 бала з 5. Дарэчы, прадавец проста ў картцы тавару рэкамендуе правяраць цэласнасць упакоўкі пры атрыманні.

Прадавец адзначае, што каштоўнасць банкноты ў тым, што яна з'яўляецца рэдкай і нібыта прыносіць поспех.

Два даляры абышліся Марыне амаль у 18 рублёў, гэта значыць па 9 рублёў за кожны — прыкладна ў тры разы даражэйшыя за афіцыйны курс.

Журналіст Myfin.by па прыкладзе чытачкі таксама заказаў даляры на Wildberries, але гэтым разам банкноту наміналам у $2 атрымалася купіць толькі па больш высокай цане, за 26 рублёў. Купюру аднеслі ў банк, каб пацвердзіць або абвергнуць яе сапраўднасць.

Супрацоўніца банка папрасіла даць пашпарт і заплаціць 1,5 рубля за праверку сапраўднасці грошай. Таксама яна патлумачыла, што калі гэтыя даляры з'яўляюцца падробкай, яна выкліча міліцыю.

«Банкнота ў выдатным стане. Як шаўковая, прыемна дакрануцца. Яна выпушчаная ў 2017 годзе, але ёю як быццам не карысталіся. Звычайна прыносяць пакамечаныя грошы, а гэтая купюра ідэальная, — здзівілася працаўніца касы. — Гэтыя грошы сапраўдныя».

У чым каштоўнасць такой купюры?

Па адказ на гэтае пытанне Myfin.by звярнуўся да нумізмата. Вось такі адказ даў эксперт Сяргей Колбун:

«Я не бачу тут прыкмет нейкай рэдкасці і каштоўнасці. У Расіі даляр не з'яўляецца папулярнай валютай, у адрозненне ад Беларусі. Магчыма, мэтавая аўдыторыя прадаўца — расіяне, якія палічаць такую банкноту незвычайнай, бо ніколі яе нават і не бачылі.

Таксама бачу ў аб'яве пазнаку «на ўдачу». На маю думку, гэта не больш чым рэкламны ход, а сама аб'ява накіраваная на недасведчанага пакупніка. Гэта звычайная купюра, яе каштоўнасць адпавядае наміналу або на 1-2 даляры вышэй за намінал. Яе можна набыць у абменным пункце, але прыйдзецца выдаткаваць на гэта час».

Чытайце таксама:

«Страцілі 5% сумы і тры тыдні». Як беларусы пазбаўляюцца ад дрэннай валюты і дзе яе прымаюць

У Баранавічах пенсіянерка прынесла мяняць даляравую купюру, даражэйшую ў 20 разоў

Мінчук папрасіў барысту абмяняць 250 рублёў — і пайшоў з прыбыткам. Фокус трапіў на відэа

Неўзабаве маюць з'явіцца новыя банкноты еўра. Яны ўжо выклікалі польска-французскія спрэчкі

Каментары да артыкула