БЕЛ Ł РУС

У Польшчы затрымліваюць беларусаў, якія скарысталіся з «ілжывага транзіту»

6.08.2025 / 23:11

Nashaniva.com

Польскія памежнікі затрымліваюць беларусаў, што скарысталіся «ілжывым транзітам», і дастаўляюць у суд, які вырашае, ці будуць яны чакаць вынікаў разгляду просьбы аб міжнароднай абароне ў закрытым лагеры для ўцекачоў, паведаміў выданню «Позірк» праваабаронца Раман Кісляк.

Фота ілюстрацыйнае

«Практыка памежных органаў Польшчы з канца чэрвеня змянілася, — заявіў суразмоўца. — Беларусы, якія не мелі візы, карысталіся так званым «ілжывым транзітам»: ляцелі з адной бязвізавай краіны ў іншую, а падчас транзіту падаваліся ў Польшчы на прытулак. Як правіла, гэта тычыцца вылетаў з Грузіі».

Найчасцей гэта былі беларусы, у якіх сканчаецца тэрмін дзеяння пашпарта і якія не могуць атрымаць візу, удакладніў Кісляк. Раней у Польшчы ў такіх беларускіх грамадзян прымалі заявы пра наданне прытулку і, як правіла, не затрымлівалі.

«Цяпер усіх затрымліваюць і дастаўляюць у суд, і суддзі ўжо вырашаюць — змяшчаць у закрыты лагер або вызваляць, тады чалавек будзе чакаць рашэння па яго справе на волі. І некалькі чалавек ужо ў лагеры», — адзначыў праваабаронца.

Раману Кісляку вядома пра чатыры такія выпадкі з 24 чэрвеня. Двое беларусаў цяпер знаходзяцца ў закрытым лагеры для мігрантаў, двое — на волі на падставе рашэння суда.

«Органы памежнай аховы кажуць, што беларусы інструменталізуюць права на прытулак», — падкрэсліў суразмоўца.

Чытайце таксама:

Сям’я беларусаў аказалася ў двух розных асяродках эміграцыі. Муж не можа трапіць да жонкі ў Грузію, а яна — атрымаць візу да яго ў Польшчу

У Польшчы скасоўваюць тэрміны разгляду заяў на міжнародную абарону

«Дзеці растуць з адчуваннем, што быць беларусам пачэсна, як выпускніком Гарварда». У Батумі дзейнічае беларускамоўная школа — вось як гэта працуе

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы

Каментары да артыкула