Лукашэнка сваім указам абмежаваў хуткасць электрасамакатаў на тратуарах да 10 км/г
Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня падпісаў указ №295, які ўносіць змены ў Правілы дарожнага руху. Сцвярджаецца, што дакумент падрыхтаваны з улікам сучасных умоў і пажаданняў грамадзян.
Фота ілюстрацыйнае
Адной з галоўных навінак стала абавязковае спешванне раварыстаў і карыстальнікаў самакатаў пры перасячэнні праезнай часткі. Гэта звязана з ростам колькасці ДТЗ з іх удзелам — каля 900 выпадкаў за апошнія два гады.
Таксама перагледжаныя правілы карыстання персанальнымі мабільнымі сродкамі — электрасамакатамі, сегвэямі, монаколамі. Удакладнена, што да іх адносяцца прылады з электраматорам і максімальнай хуткасцю да 25 км/г.
Для іх усіх уводзяцца хуткасныя абмежаванні: не больш за 25 км/г на веласцежках і 10 км/г на тратуарах. Забараняецца ездзіць па тратуарах на цяжкіх прыладах, маса якіх перавышае 35 кг.
Калі ж электрапрылада па тэхнічных характарыстыках падобная да мапеда ці матацыкла, яна можа ўдзельнічаць у дарожным руху, але для гэтага трэба пацвердзіць тып транспартнага сродку, атрымаць электронны пашпарт і зарэгістраваць яго ў ДАІ.
Таксама ўдакладнена, што тэрыторыі садовых таварыстваў цяпер лічацца жылой зонай.
Асноўныя палажэнні ўказа пачнуць дзейнічаць з 1 верасня.
Чытайце таксама:
Дзве дзяўчынкі на электрасамакаце трапілі ў Мінску пад машыну
Электрасамакат загарэўся ў кватэры ў Магілёве
10-гадовая дзяўчынка моцна пабілася, зваліўшыся з электрасамаката