Сяргей Ціханоўскі пераязджае ў ЗША? Не, хлусня
Фэйк запусціў блогер-канспіролаг Віталь «Вірус» Кандраценка. А расійская «Сота», фінансуемая алігархам Леанідам Неўзліным, паспрабавала разнесці інфармацыю па інтэрнэце.
Сяргей Ціханоўскі на мітынгу ў Вільні
«Інсайд» пра нібыта запланаваны ад'езд Сяргея Ціханоўскага блогер-канспіролаг Віталь «Вірус» Кандраценка паведаміў сваім падпісчыкам у каналах, адноўленых пасля паўзы. Ён заявіў, што Ціханоўскі расказаў пра планы эміграваць падчас сустрэчы ў беларускім шэлтэры «Замак», які знаходзіцца ў Вільні.
Чытайце таксама: Хто такі блогер-канспіролаг Вірус, які штодня абражае і пляжыць беларускі дэмакратычны рух?
Інфармацыя адразу падхапіў расійскі праект «Сота», які фінансуецца алігархам-эмігрантам Леанідам Неўзліным.
Сяргей Ціханоўскі нядаўна казаў, што сапраўды збіраецца ехаць у ЗША — праўда, гаворкі пра эміграцыю не было. Планы ў Ціханоўскага іншыя. Ён хоча сустрэцца з беларускай дыяспарай, а таксама правесці перамовы з адміністрацыяй Трампа наконт вызвалення палітвязняў і данесці да іх свае прапановы — маўляў, амерыканцы таксама працуюць над гэтым. Таксама ў планах серыя інтэрв’ю.
Магчыма, на сустрэчы ў «Замку» Ціханоўскі гаварыў іншае? «Наша Ніва» пагутарыла з удзельнікам той сустрэчы — ён запэўнівае, што эміграцыю ў ЗША на ёй не згадвалі.
Прэс-сакратар Ціханоўскага Сяргей Бяспалаў пацвярджае, што словы Віруса — фэйк. Акрамя ЗША, Ціханоўскі таксама наведае Канаду. У абедзвюх краінах запланаваныя інтэрв’ю, сустрэчы з дыяспарай і прадстаўнікамі бізнэсу. Ніякай гаворкі пра пераезд няма.
Чытайце таксама:
Ціханоўскі: Прыехаў бы і паціснуў Трампу руку
Прамова гэтага мінскага выпускніка на лінейцы ў 2020-м узарвала інтэрнэт. Што з хлопцам цяпер?
Кавалеўскі раскрытыкаваў ініцыятыву Офіса Ціханоўскай пра круглы стол з Лукашэнкам