Прылёт дрона з Беларусі ў Літву расследуюць як эпізод ваенных злачынстваў
Залёт беспілотніка з Беларусі ў Літву, які здарыўся 28 ліпеня, расследуе Бюро крымінальнай паліцыі Літвы, якое знаходзіцца пад кантролем Генеральнай пракуратуры, паведамляе LRT са спасылкай на агентцва BNS.
Знойдзены дрон. Па папярэдніх звестках гэта «Гербера». Фота: фэйсбук міністаркі абароны Літвы Давіле Шакалене
«Інцыдэнт (…) расследуецца як асобны эпізод дасудовага расследавання ваенных злачынстваў ва Украіне, якое кантралююць пракуроры Дэпартамента па расследаванні арганізаванай злачыннасці і карупцыі Генеральнай пракуратуры. Расследаванне праводзіць Бюро крымінальнай паліцыі Літвы», — заявілі ў суботу прадстаўнікі пракуратуры.
Беспілотны лятальны апарат, які заляцеў у Літву з Беларусі ў пачатку тыдня, упаў і быў знойдзены ў пятніцу на Гайжунскім палігоне ў Ёнаўскім раёне (недалёка ад Коўна).
Паводле папярэдніх звестак, беспілотнік падобны да расійскага дрона «Гербера». «Гербера» прызначана для падману сістэм СПА, паколькі ён візуальна нагадвае баявы беспілотнік Shahed.
Вайскоўцы прытрымліваюцца версіі, што гэта быў расійскі беспілотнік, які прыляцеў у Літву з Украіны праз Беларусь. Яго асноўнай задачай было ўвесці ў зман украінскую сістэму СПА. Следчыя пакуль не вызначылі, ці перавозіў дрон выбухоўку і чаму ён упаў.
У пятніцу Літва накіравала Беларусі ноту пратэсту з-за інцыдэнту з дронам.
Гэта ўжо другі выпадак парушэння паветранай прасторы Літвы дронам, які прыляцеў з тэрыторыі Беларусі. 10 ліпеня ў Літву трапіў беспілотнік «Гербера».
Чытайце таксама:
У Літве знайшлі беспілотнік, што заляцеў з Беларусі. Вось як ён выглядае
Як дроны залятаюць з Беларусі ў Літву? У iSANS расказалі, што вядома