БЕЛ Ł РУС

Навукоўцы знайшлі незвычайныя формы жыцця ў самых глыбінях акіяна. Раней думалі, што там увогуле ніхто не жыве

2.08.2025 / 22:31

Nashaniva.com

Навукоўцы з Кітая правялі экспедыцыю на падводным апараце Fendouzhe, які можа апускацца на глыбіню больш за 10 кіламетраў, і даследавалі самыя глыбокія ўпадзіны на дне Ціхага акіяна, дзе выявілі незвычайныя і вельмі рэдкія формы жыцця, піша Бі-бі-сі.

Даследчыкі стварылі гэты састаўны малюнак, каб паказаць свой падводны апарат у глыбакаводнай упадзіне акіяна. Фота: IDSSE/CAS

Падчас гэтай экспедыцыі, якая ахапіла больш за 2500 кіламетраў і ўключала вывучэнне ўпадзін на глыбіні ад 5800 да 9533 метраў, даследчыкі змаглі зняць і сфатаграфаваць шматлікіх прадстаўнікоў фаўны, якія жывуць у поўнай цемры і пад моцным ціскам.

Гэтыя даследаванні апублікаваныя ў навуковым часопісе Nature і ўжо выклікалі вялікую цікавасць сярод спецыялістаў па марской біялогіі.

Навукоўцы сфатаграфавалі нешта падобнае на палі доўгіх тонкіх трубчастых чарвякоў. Фота: IDSSE/CAS

Сярод адкрытых арганізмаў — доўгія тонкія трубчастыя чарвякі чырванавата-карычневага колеру, якія жывуць на марскім дне, а таксама малюскі, якія ўтвараюць цэлыя слаі ці дыванкі. Бываюць таксама маленькія белыя істоты, што плаваюць сярод чарвякоў.

Белыя калючыя істоты называюцца Macellicephaloides grandicirra. Тут яны сфатаграфаваныя ў густых калоніях трубчастых чарвякоў, якія могуць дасягаць 30 см у даўжыню. Фота: IDSSE/CAS

Гэтыя арганізмы жывуць не дзякуючы сонечнаму святлу, а дзякуючы хімічным рэчывам, напрыклад, серавадароду і метану, якія выходзяць з разломаў у зямной кары. Навукоўцы лічаць, што яны ўмеюць пераўтвараць гэтыя рэчывы ў энергію, неабходную для жыцця.

Слаі малюскаў, відаць, сілкуюцца хімічным «палівам», якое праточваецца з марскога дна. Фота: IDSSE/CAS

Экспедыцыя выявіла вялікую разнастайнасць і багацце гэтых формаў жыцця, што ўразіла навукоўцаў, бо раней уяўлялася, што на такой глыбіні жыцця амаль няма. Гэта сведчыць пра тое, што на самых вялікіх глыбінях акіяна могуць існаваць цэлыя экасістэмы, якія харчуюцца выключна хімічнымі рэчывамі.

Адкрыццё новых відаў і разнастайных арганізмаў на вялікіх глыбінях ставіць пад сумнеў ранейшыя погляды на экстрэмальныя ўмовы існавання жыцця і адкрывае новыя пытанні пра адаптацыю арганізмаў да высокага ціску і адсутнасці святла.

Чытайце таксама:

Зеландыя: кантынент, які амаль цалкам схаваны пад вадою

Чаму цямнее Сусветны акіян і чым гэта пагражае

Ад Антарктыды адкалоўся велізарны айсберг. Навукоўцаў уразіла, што аказалася пад ім

Навукоўцы б'юць трывогу: ледзяны шчыт Грэнландыі паскорана расколваецца

Самы вялікі карал у свеце знайшлі каля Саламонавых выспаў

Каментары да артыкула