Расіяне выбралі, які помнік будзе пастаўлены ў Гомелі
Экспертная рада Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства, якое ўзначальвае памочнік Пуціна Уладзімір Мядзінскі, вызначыла пераможцу конкурсу на найлепшы помнік маршалу Канстанціну Ракасоўскаму, які падораць беларускаму гораду. Перамог праект масквічкі.
Эскіз помніка маршалу Канстанціну Ракасоўскаму. Фота: РВГТ
Помнік двойчы Герою Савецкага Саюза будзе пастаўлены Расійскім ваенна-гістарычным таварыствам у гарадскім скверы на рагу Савецкай вуліцы і плошчы Паўстання, побач з якім традыцыйна праводзіцца вайсковы парад з нагоды Дня Перамогі.
Па выніках галасавання ў конкурсе на найлепшы архітэктурна-мастацкі праект помніка Ракасоўскаму перамог праект Юліі Пашынай.
Скульптарка Юлія Пашына, меркаваная аўтарка помніка Ракасоўскаму. Фота: сацсеткі
«Наша Ніва» адшукала патэнцыйную аўтарку помніка. Яна нарадзілася ў 1989 годзе ў гарадку Кулябакі Ніжагародскай вобласці Расіі, скончыла ў 2011 годзе Абрамцаўскі мастацка-прамысловы каледж імя В. М. Васняцова па спецыяльнасці «кераміка», а пасля — факультэт скульптуры Расійскай акадэміі жывапісу, скульптуры і дойлідства ў Маскве, дзе жыве і цяпер.
Помнік адлюстроўвае вобраз Ракасоўскага ў момант камандавання Парадам Перамогі 1945 года. Маршал паказаны ў параднай форме, верхам на ўзнятым на дыбкі кані. Пастамент выкананы ў выглядзе брукаванкі Краснай плошчы і змяшчае два сюжэтныя рэльефы: з аднаго боку — карта Гомельска-Рэчыцкай наступальнай аперацыі пад камандаваннем Ракасоўскага, у выніку якой быў вызвалены Гомель; з іншага боку — складзеныя сцягі разбітых нямецкіх часцей. У правай руцэ вершнік трымае маршальскую шаблю, вастрыём якой ён паказвае на сцягі разбітага ворага — што сімвалізуе поўную капітуляцыю праціўніка.
Гомельскія чыноўнікі на месцы будучага помніка
У маі 2025 года на месцы будучага помніка быў адкрыты закладны камень. Помнік плануецца стварыць да 82-й гадавіны вызвалення Гомеля ад нямецкіх захопнікаў, якая будзе адзначацца 26 лістапада 2025 года.
Раней Расійскае ваенна-гістарычнае таварыства паставіла помнікі Канстанціну Ракасоўскаму ў Маскве, Валгаградзе і Улан-Удэ.
Старшынёй Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства з'яўляецца Уладзімір Мядзінскі, памочнік Пуціна, раней вядомы сваёй роллю ў прапагандысцкай дзейнасці Крамля, а цяпер у якасці кіраўніка расійскай дэлегацыі на перамовах з Украінай. У сакавіку гэтага года ён прыязджаў у Мінск, каб узяць удзел у адкрыцці новага помніка салдатам Расійскай імператарскай арміі, якія загінулі падчас Першай сусветнай вайны. Помнік з выявай імперскага арла быў устаноўлены за кошт Расійскага ваенна-гістарычнага таварыства.
Акрамя помніка маршалу Ракасоўскаму, Мядзінскі мае намер паставіць у Гомелі помнік расійскаму фельдмаршалу Івану Паскевічу, душыцелю паўстання 1830—1831 гадоў.
Чытайце таксама:
У Мінску паставілі помнік з імперскім арлом. Адкрываць прыехаў памочнік Пуціна ФОТЫ