Стаў вядомы лёс збеглых дзікабразаў у Рэчыцкім раёне
Раней паведамлялася, што на мінулых выхадных жыхары Гомеля падчас адпачынку на Дняпры неспадзявана пабачылі самага сапраўднага дзікабраза. Пазней вызначылася, што ён і яшчэ адзін такі ж дзікабраз збеглі з заапарку непадалёк, што месціцца на тэрыторыі сядзібы «Конскі востраў». Першага ўцекача вярнулі гаспадарам, другога працягвалі шукаць. «Моцныя навіны» даведаліся, ці ўсё з жывёламі ў парадку.
Скрыншот з відэа
Па словах уласніка сядзібы Сяргея, абодва дзікабразы ўжо дома. Ён таксама расказаў, як так сталася, што экзатычныя жывёлы апынуліся ў беларускім лесе.
Рэч у тым, што ў заапарку цяпер ідзе рэканструкцыя. З маленькага вальера, дзе раней жылі дзікаабразы, іх перасяляюць у вялікі, каб туды мог увайсці любы ахвотны і пакарміць жывёл.
У новым вальеры земляная падлога, таму звяркі знайшлі сабе забаву — рабіць падкопы і выпраўляцца ў лес на прагулку. Аднак, як сцвярджае Сяргей, яны заўсёды вяртаюцца дадому самі.
«Зрабілі нам рэкламу», — смяецца гаспадар, каментуючы прыгоды сваіх гадаванцаў.
Чытайце таксама:
У лесе пад Рэчыцай заўважылі дзікабраза ВІДЭА
У Канадзе бультэр'ер напаў на дзікабраза — і атрымаў 1500 іголак
У Беларусь прыйшоў лясны кот — такога не бачылі амаль 100 гадоў